Bloomberg: Кадыраў губляе кантроль над Чачнёй
25- 4.12.2014, 18:10
- 55,886
Перастрэлкі ў Грозным не выпадкова пачаліся за некалькі гадзін да выступу Пуціна перад Федэральным сходам.
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падчас сваёй сённяшняй прамовы перад Федэральным сходам намякнуў, што стральбу ў Грозным зладзілі "апалчэнцы", якіх спансуюць з-за мяжы.
Аднак успышка насілля ў сталіцы Чачні перад прамовай Пуціна адбылася не выпадкова і можа азначаць, што стаўленік прэзідэнта Расеі Рамзан Кадыраў губляе кантроль над сваёй неспакойнай рэспублікай.
Пра гэта гаворыцца ў артыкуле Bloomberg, у якой таксама адзначаецца, што пакуль у Грозным прадаўжаліся баі, прэзідэнт Чачні сядзеў у зале ў Маскве і слухаў Пуціна. Менавіта з залы ў Крамлі Кадыраў напісаў на сваёй старонцы ў Instagram, што баевікоў нібыта знішчылі, піша zn.ua.
Расейскія СМІ тым часам паведамілі, што ва ўзброенай сутычцы загінулі 10 паліцэйскіх, а яшчэ 20 былі параненыя. Гэта самая крывавая атака з верасня 2010 года, калі падчас перастрэлкі ў родным горадзе Кадырава загінулі па меншай меры 18 чалавек. Расейскі эксперт Рыгор Шведаў з аналітычнага цэнтра Caucasian Knot кажа, што баі ў Грозным могуць азначаць вялікія перамены.
"Атака мінулай ноччу ў Грозным была вельмі маштабнай і можа азначаць, што Кадыраў губляе кантроль над Чачнёй. Выбар моманту можа быць звязаны з прамовай Пуціна, а таксама 20-й гадавінай пачатку першай Чачэнскай вайны", - сказаў Шведаў.
Першая Чачэнская вайна пачалася 11 снежня 1994 года, калі Чачэнская рэспубліка Ічкерыя абвясціла аб сваёй незалежнасці і выхадзе з складу Расеі паводле канстытуцыі СССР.
Шведаў дадаў, што выхадцы з Каўказу, якія ваявалі на баку "Ісламскай дзяржавы Ірака і Леванта" вярнуліся дадому і, верагодна, стаяць за беспарадкамі ў Грозным. Сёння таксама Gazeta Wyborcza пісала, што перастрэлкі ў Грозным могуць быць помстай Пуціну за абарону Башара Асада.
"Немалаважны той факт, што Масква стаіць сцяной за рэжымам сірыйскага прэзідэнта Башара Аль-Асада, якога ісламісты спрабуюць скінуць", - напісала польскае выданне.