23 снежня 2024, панядзелак, 18:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Рымашэўскі: Арышт Алесіна - следства гульняў Захаду з Лукашэнкам

20
Віталь Рымашэўскі: Арышт Алесіна - следства гульняў Захаду з Лукашэнкам

Цяпер з Аляксандрам Алесіным можа адбывацца ўсё, што заўгодна.

Учора стала вядома аб раптоўным знікненні вайсковага аглядальніка газеты «Беларусы і рынак». Ён быў затрыманы каля тыдня таму прама ў кавярні ў цэнтры Менска падчас асабістай сустрэчы. КДБ ад каментароў адмаўляецца, праваабаронцы і журналісты б'юць трывогу. Сустаршыня аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі пракаментаваў charter97.org інцыдэнт і падкрэсліў, што цяпер трэба ўсімі сіламі падтрымаць і дамагчыся неадкладнага вызвалення журналіста, бо пакуль не вылучаныя абвінавачванні і няма ніякай сувязі з чалавекам, у СІЗА КДБ з ім можа адбыцца ўсё, што заўгодна.

- Тое, што адбылося з Аляксандрам Алесіным, можна звязаць толькі з адным: з прававым бязмежжам, у якім жыве наша краіна. І тое, што цяпер з ім здарылася, мне гэтая сітуацыя проста ідэнтычна нагадвае масавыя незаконныя брутальныя арышты апазіцыі і грамадскіх актывістаў пасля 19 снежня 2010 года, калі людзей кідалі ў турмы без усялякай сувязі з роднымі і блізкімі. Асабіста я магу сказаць, што сітуацыя, безумоўна, жудасная - і гэта разумеюць усе, хто праз гэта прайшоў.

Прынамсі, паступаючы такім чынам з людзьмі, рэжым паказвае свой сапраўдны твар. Права на жыццё, усе юрыдычныя нормы і законы для цяперашніх беларускіх уладаў - гэта нішто. І кожнага чалавека яны гатовыя зламаць, растаптаць і знішчыць - як фізічна, так і маральна.

- Як трэба супрацьстаяць такому бязмежжу? Бо такімі тэмпамі заўтра ў турму могуць кінуць кожнага.

- Супрацьстаяць гэтаму можа толькі адно - гэта салідарнасць усіх тых людзей, хто гатовы змагацца за каштоўнасці, за прынцыпы. А першая фундаментальная каштоўнасць, якая ёсць ва ўсіх законах і ўсіх дэкларацыях правоў чалавека - гэта каштоўнасць чалавечай асобы і жыцця чалавека. Таму сёння толькі наша салідарнасць і сумесныя дзеянні - як унутры Беларусі, так і за яе межамі - дазволяць яго вызваліць і абараніць ад эскалацыі сітуацыі. І нягледзячы на змену палітычнага курсу Захаду ў дачыненні да беларускага рэжыму, нягледзячы на лабіраванне і прамых кантактаў з рэжымам, паляпшэння палітычных стасункаў, рэпрэсіі працягваюцца, за кратамі застаюцца і з'яўляюцца новыя палітычныя зняволеныя, якія трапляюць пад каток рэпрэсіўнай машыны. Гэта сведчыць аб тым, што ў Беларусі нічога не змянілася.

Гэтая «гульня ў паддаўкі» з рэжымам, з якога б боку яна не вялася - з боку апазіцыі альбо з боку заходніх палітыкаў - фактычна прыводзіць да вось такіх наступстваў, як у выпадку з Алесіным. Яна дазваляе адчуць вялікую беспакаранасць. На самай справе неабходна, каб патрабаванні міжнароднай супольнасці і грамадзянскай супольнасці ўнутры краіны былі б салідарнымі. Калі б мы ўсе казалі пра тое, што трэба вызваліць палітвязняў, трэба правесці справядлівыя і сумленныя выбары. І толькі пасля гэтага маглі былі б быць магчымымі такога роду кантакты, а да таго часу трэба выключна ўпэўнены і цвёрды ціск на рэжым. Як тады, калі былі ўведзеныя санкцыі. Пакуль такая пазіцыя захоўвалася, людзі выходзілі на волю. Палітвязняў у Беларусі станавілася ўсё менш. А ў апошнія паўгода палітыка Беларусі змянілася - і наступствы гэтага мы ўжо назіраем тут і цяпер. Выпадкі з Аленай Танкачовай, Мікалаем Дзядком, Аляксандрам Алесіным - і я хачу, каб тыя, хто датычныя да падтрымкі гэтай новай палітыкі Лукашэнкі адчулі, што адказнасць на гэта ў тым ліку ляжыць і на іх.

- Вы мяркуеце, што гэта разгортваюцца рэпрэсіі напярэдадні «выбараў»? Традыцыйнае «закручванне гаек» і зачыстка інфармацыйнага поля?

- Так, я мяркую, што гэта так. Аднак таксама я мяркую, што «выбары» на цяперашню сітуацыю ўплываюць не абавязкова, гэта б адбывалася і так. Ды і «выбары» гэтую новую хвалю рэпрэсій не спыняць. Яны пачаліся цяпер і яны будуць пасля выбараў. Логіка гэтага рэжыму такая, што ён разумее толькі з пазіцыі сілы. Калі паддавацца, нас будуць працягваць душыць. Мэта гэтага рэжыму застаецца нязменнай - знішчэнне ўсіх не падкантрольных рэжыму людзей і сіл, гэта рэпрэсіі, гэта рух да таталітарнага грамадства. Неабходна, каб гэта разумелі ўсе вельмі выразна - і ў краіне, і за яе межамі. Я думаю, што «выбары» - гэта толькі адзін з фактараў, які паўтарае для нас гэтую логіку. Калі рэжым ніхто не спыняе, ён знішчае народ.

- Чаму за Аляксандра Алесіна ўзяліся менавіта цяпер? Адкуль гэтыя дзіўныя чуткі пра «шпіянаж»?

- Ведаеце, напрыклад, літоўскія спецслужбы нядаўна выявілі двух беларускіх шпіёнаў. Таксама ёсць прыклады скандалаў судовых працэсаў над расейскімі шпіёнамі ў Польшчы. Я мяркую, што калі спецслужбы не ўмеюць працаваць - а ў гэтым выпадку, не ўмеюць працаваць беларускія спецслужбы - то ім застаецца толькі адно: імітаваць сваю дзейнасць, каб апраўдаць сваё існаванне і выдаткі. Так было і ў 2010 годзе праз бяздарна праведзеную кампанію масавых рэпрэсій у дачыненні да апазіцыі і незалежных дэмакратычных сілаў Беларусі. Таму яны выдумлялі і зброю, якой на самай справе не было, нейкіх шпіёнаў, існаванне якіх не было пацверджана на судовых працэсах і гэтак далей. І гэтая імітацыя і фальсіфікацыя, якія былі тады, прывялі да таго, што пацярпелі ў выніку не толькі дэмакратычныя сілы, але і ўся Беларусь праз рэакцыю міжнароднай супольнасці і наступную ізаляцыю краіны.

Так і цяпер, як у выпадку з Андрэем Гайдуковым - калі не могуць знайсці рэальных шпіёнаў, а тым часам у Беларусь прылятаюць лёгкія самалёты і скідаюць на тэрыторыю краіны плюшавых мішак, то трэба чымсьці апраўдваць сваё існаванне. Так і знаходзяцца абсалютна, на маю думку, надуманыя справы як у выпадку пасадкі Алесіна. У рэшце рэшт, гэта нават не асноўная іх матывацыя цяпер. Галоўнае тое, якім чынам гэта робіцца.

- Што трэба рабіць, каб дамагчыся праўды, а яшчэ лепш - вызвалення Алесіна?

- Цяпер ні блізкія, ні журналісты, ні грамадства не могуць даведацца за што яго арыштавалі, да гэтага часу невядомая праўда. І вось гэта самае жудаснае. Я б хацеў звярнуць на гэта асаблівую ўвагу. Пакуль не выстаўлена абвінавачанне, пакуль няма з чалавекам сувязі, з ім у гэты час можа адбывацца ўсё, што заўгодна. І гэта - самае страшнае. Гэта самае страшнае парушэнне закона, якое толькі можа быць.

Я заклікаю ўсе праваабарончыя арганізацыі, палітычныя сілы Беларусі і за мяжой выказаць цяпер гэтаму чалавеку падтрымку і запатрабаваць яго неадкладнага вызвалення. Тыдзень у СІЗА КДБ - гэта ўжо вельмі доўгі час. Тыя, хто там знаходзіўся, гэта асабліва добра разумеюць.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках