Эстафета салідарнасці з Ігарам Аліневічам
2- 9.12.2014, 17:17
- 9,878
Зрабі фота з партрэтам палітвязня для сацсетак або напішы ліст у турму на новы адрас.
Актывісты АГП, журналісты і іншыя неабыякавыя беларусы пачалі марафон падтрымкі палітвязня Ігара Аліневіча, на якога аказваецца ціск з боку адміністрацыі Віцебскай калоніі. Ён правёў 30 дзён у ШІЗА, яму не паведамілі пра смерць бабулі і далі толькі адзін званок па тэлефоне за паўгода.
«Мы з вамі можам падтрымаць Ігара і ягоных родных. Здольнасць да салідарнасці - паказчык таго, у якім стане знаходзіцца грамадства і яго інстытуты, а таксама яго мараль, гонар. Падтрымка таго, хто змагаецца з сістэмай, змагаецца за сваю годнасць нават знаходзячыся ў турме - гэта пытанне гонару для кожнага з нас», - кажуць актывісты.
У акцыі ўжо прынялі ўдзел рэжысёр Вольга Нікалайчык, каардынатар ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька, Алесь Басацкі і іншыя.
Тыя, хто хоча падтрымаць Ігара, могуць альбо зрабіць фота з яго партрэтам у руках, альбо напісаць яму ліст па адрасе 211300, Віцебская вобласць, Віцебскі раён, п. Віцьба, ПК №3, Аліневічу Ігару Уладзіміравічу.
Нагадаем, 27 траўня 2011 года суддзя Заводскага раёна Менска Жанна Хвайніцкая асудзіла Ігара Аліневіча на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер ён адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі №10, якая «славіцца» сваімі дрэннымі ўмовамі. Яго абвінавацілі ў арганізацыі антывайсковага мітынгу супраць расейска-беларускіх вучэнняў і ў падпале аўтамабіля расейскай амбасады ў Беларусі, хоць давесці суду нічога, акрамя ўдзелу ў мітынгу, не ўдалося. 28 лістападзе актывіста незаконна выкралі ў Маскве, але на судовым працэсе зачыталі пратакол затрымання оперупаўнаважанага КДБ аб ягоным арышце 29 лістапада каля вёскі Рэдзькі Віцебскай вобласці ля мяжы з Расеяй.