22 снежня 2024, Нядзеля, 11:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: У турме я сустрэў сотні людзей, арыштаваных з палітычных прычын

20
Андрэй Саннікаў: У турме я сустрэў сотні людзей, арыштаваных з палітычных прычын

(абноўлена) Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» выступіў на пасяджэнні ПА АБСЕ ў Вене.

Андрэй Саннікаў распавёў аб сітуацыі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі, палітвязнях і ролі АБСЕ ў прасоўванні свабоды і дэмакратыі ва Ўсходняй Еўропе. Свой выступ лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» пачаў з падзякі за салідарнасць і падтрымку.

«Я хачу скарыстацца магчымасцю, каб выказаць падзяку былому прэзідэнту Парламенцкай Асамблеі Рыкарду Мільёры і Матэа Мэкачы, якія падтрымлівалі мяне ды іншых палітычных зняволеных і наведвалі маю сям'ю, калі я знаходзіўся ў турме. Гэта была велізарная падтрымка. Я кажу пра гэта, каб падкрэсліць, што такія чалавечыя жэсты вельмі патрэбныя палітычным зняволеным, якія знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі.

Таксама я б хацеў падзякаваць спадару Крысціяну Хольму, які цяпер узначальвае працоўную групу аб Беларусі, за ўвагу да нашай сітуацыі. Спадарыня старшыня згадала, што былі запрошаныя і іншыя выступоўцы, але яны не змаглі тут прысутнічаць. Адным з іх мусіў быць Зміцер Дашкевіч, які таксама быў палітычным зняволеным. Ён выйшаў на волю, але знаходзіцца ў варунках жорсткіх абмежаванняў і пакуль не можа пакідаць краіну», - сказаў лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

Андрэй Саннікаў нагадаў аб тым, у якой сітуацыі апынуўся ён, а таксама іншыя кандыдаты ў прэзідэнты і чальцы іхніх штабоў пасля выбараў 2010 года і разгону Плошчы.

«Два гады таму, калі я быў у турме, тут выступала мая сястра Ірына Багданава. Яна распавяла пра маю сітуацыю, пра ціск і катаванні, якія я зазнаў. Пазней гэта было аспрэчана афіцыйным прадстаўніком Беларусі. Таму сёння я тут прысутнічаю, на шчасце, асабіста, каб пацвердзіць, што ўсё, што было сказана два гады таму, з'яўляецца праўдай.

Мяне арыштавалі, калі я ўсё яшчэ з'яўляўся кандыдатам у прэзідэнты і ўсё яшчэ меў пасведчанне кандыдата ў прэзідэнты. Мяне моцна збілі, пасля чаго затрымалі па дарозе ў шпіталь, пасадзілі ў турму КДБ, дзе палітвязняў катавалі. Мне адмаўлялі ў прававой і медыцынскай дапамозе. Упершыню са сваім адвакатам я сустрэўся ў параўнальна канфідэнцыйнай абстаноўцы толькі праз месяц. Перыядычна мяне трымалі ў ізаляцыі - як у турме КДБ, так і ў калоніях.

Яны выкарыстоўвалі ўсякую маю хваробу, каб прычыніць мне фізічныя пакуты. Яны выкарыстоўвалі ўсё, каб націснуць на мяне і маю сям'ю. Маю жонку арыштавалі разам са мной і збілі падчас мірнай дэманстрацыі на плошчы 19 снежня 2010 года. Я не буду даваць падрабязнасці свайго ўтрымання ў турме, а толькі падам некаторую статыстыку. На працягу 16 месяцаў я прайшоў 4 турмы, 3 з якіх двойчы, тры папраўчыя калоніі, восем этапаў. Гэта паказвае, што быў адмысловы план, распрацаваны дыктатарам, каб ціснуць і катаваць палітычных зняволеных», - сказаў Андрэй Саннікаў.

Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» падкрэсліў, што ў нашай краіне за кратамі знаходзіцца велізарная колькасць людзей, які трапілі туды праз тое, што баранілі свае правы. Ён заклікаў прысутных зрабіць усё магчымае для іхнага вызвалення.

«Цяпер у Беларусі адзінаццаць палітычных вязняў. Але тое, пра што я вам распавядаю, гэта толькі бачная частка вяршыні айсберга, бо ў турме я сустрэў сотні людзей, якія знаходзяцца там з палітычных матываў, таму што яны змагаліся за свае правы на мясцовым узроўні. Яны не так прыкметныя, як праваабаронцы або грамадзянскія актывісты, але за кратамі іх сотні.

Тут згадвалася, што вядуцца дыскусіі аб азначэнні палітычнага зняволенага. Я хачу выказаць сваё меркаванне з гэтай нагоды. У сітуацыі дыктатуры, як у Беларусі, трэба быць вельмі асцярожным з усялякімі азначэннямі і крытэрамі. Я падам прыклад Мікалая Аўтуховіча, палітвязня з Беларусі, які адбывае зняволенне другім разам. Першапачаткова яго абвінавацілі ў тэрарызме. Вядома, ніякае азначэнне палітычнага зняволенага не будзе ўключаць у сябе падазраваных у тэрарызме. Гэта, да прыкладу, не дазволіла Amnesty International прызнаць яго вязнем сумлення. Больш за тое, негатыўную ролю ў гэтым адыграла і АБСЕ. Пры пасярэдніцтве некаторых амбасадаў у Менску ў Беларусь прыбыў экспэрт АБСЕ, каб даследаваць справу Аўтуховіча. Экспэрт нават не разабраўся ў самой справе, толькі вывучыў дакумэнты, дадзеныя яму ўладамі, і выдаў свой вердыкт - расследаванне было ідэальным, абвінавачванні справядлівыя, абвінавачаны сапраўды падазраецца ў тэрарызме. Гэта быў нямецкі экспэрт на імя Марцін Фінке, ён прафэсар у адным з універсітэтаў. Потым быў суд над Аўтуховічам. Довады раскідаліся, бо яны былі сфальсіфікаваныя, а сама справа сфабрыкаваная. Пазней Аўтуховіча пасадзілі ў турму, але абвінавачванне ў тэрарызме знялі.

Быў яшчэ адзін выпадак негатыўнай ролі АБСЕ напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі. Кампанія толькі пачалася, калі пры падазроных абставінах загінуў мой сябар і ключавы чалец маёй каманды Алег Бябенін. Ён быў знойдзены павешаным. Прыбыла камісія АБСЕ, якая таксама вывучыла толькі дакумэнты і толькі афіцыйную вэрсію трагічнай загубы Алега Бябеніна. На жаль, яны таксама сказалі, што не выявілі ніякіх іншых прычын ягонай смерці. Мы ставім пад сумнеў, што ён сапраўды засіліўся, мы ставім пад сумнеў, што ён зрабіў гэта сам з уласнай волі. Я думаю, што яго забілі», - сказаў Андрэй Саннікаў.

Палітык адзначыў, што вяршэнства закона - вельмі небяспечнае вызначэнне пры дыктатуры, бо яна прыдумляе ўласныя законы, заяўляе, што пільнуецца іх, замест таго, каб кіравацца міжнародным правам.

«Пачнем з дакладу спецыяльнага дакладчыка ААН аб незалежным характары судовай сістэмы, апублікаванага ў 2001 годзе, у якім заяўлялася, што ў Беларусі няма незалежнага судзейства. З тых часоў сітуацыя толькі пагоршылася. Былі выпадкі выкрадання людзей, і Рада Еўропы склала вельмі падрабязны даследчы даклад з гэтай нагоды ў 2004 годзе. Вельмі старанны даклад быў падрыхтаваны АБСЕ ў 2011 годзе аб Маскоўскім механізме, у якім таксама пералічваліся ўсе выпадкі знікнення людзей, прыгнёту, адсутнасці законнасці і беспакаранасці ўлад у Беларусі. Мне здаецца, сёння пара не толькі сабраць усе гэтыя экспэртныя высновы, але і падумаць аб тым, як іх выкарыстоўваць, бо сітуацыя ў Беларусі, дзе 20 гадоў незаконна кіруе адзін чалавек, якога не выбіралі, з'яўляецца прыкладам таго, наколькі небяспечная дыктатура ў нашым рэгіёне. Калі б на гэта звярнулі ўвагу раней, мы, магчыма, цяпер былі б сведкамі іншай сітуацыі ва Украіне, бо дыктатары і аўтакраты вучацца адзін у аднаго хутчэй, чымся дэмакраты.

АБСЕ, на жаль, не з'яўляецца прасторай свабоды і дэмакратыі. Пакуль не. Але тут ідзе барацьба за свабоду і дэмакратыю. На жаль, цяпер мы назіраем пагаршэнне сітуацыі, гэта відавочна, і гэта адзначаюць шмат якія заявы. Сёння, я думаю, у нас ёсць усе магчымасці, асабліва я маю на ўвазе Беларусь і яе выпадак, каб запусціць у дзеянне згаданыя механізмы і падумаць аб іх выкарыстанні, пастарацца абладзіць сітуацыю. Я заклікаю вас да гэтага і спадзяюся, што тыя з вас, хто прыхільны прынцыпам дэмакратыі, дапамогуць спачатку спыніць гэтае пагаршэнне, а пасля дамагчыся прагрэсу ў краінах АБСЕ, і дапамогуць маёй краіне стаць свабоднай», - сказаў на заканчэнне Андрэй Саннікаў.

Старшыня камісіі «савета рэспублікі» па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Уладзімір Сянько, выступаючы на пасяджэнні, заявіў, што ў Беларусі няма палітвязняў. Дыктатуру ён назваў «дэмакратыяй, якая развіваецца», а Камітэт па правах чалавека ПА АБСЕ абвінаваціў у неаб'ектыўным асвятленні сітуацыі ў нашай краіне.

Андрэй Саннікаў адказаў на гэтыя абвінавачванні.

«Горш хлусні бывае толькі яшчэ большая хлусня. Трэба валодаць надзвычай багатай фантазіяй, каб назваць самую жорсткую дыктатуру ў Еўропе «дэмакратыяй, якая развіваецца», як гэта зрабіў прадстаўнік рэжыму. Хачу сказаць, што пасля разгону мірнай дэманстрацыі 19 снежня 2010 года пацярпела і АБСЕ: яе офіс у Менску быў закрыты» , - сказаў ён.

Пасля гэтага Андрэй Саннікаў пералічыў прозвішчы 11 беларускіх палітычных зняволеных. «Яны маюць патрэбу ў падтрымцы і павінны быць вызваленыя», - заявіў ён.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках