Амбасадар Ізраіля адмовіўся прасіць прабачэння за абразу палітвязняў
16- 14.02.2014, 14:18
- 33,927
Прадстаўнікі беларускай апазіцыі сустрэліся з амбасадарам Ізраіля Іосіфам Шагалам.
Размова доўжылася больш за дзве гадзіны. Ізраільская амбасада не дала магчымасці журналістам незалежных СМІ прысутнічаць на сустрэчы, перадае «Радыё Свабода».
Пасля таго, як яна скончылася, удзельнікі з беларускага боку адзначылі, што Іосіф Шагал так і не папрасіў прабачэння за свае словы ў інтэрв'ю тэлеканалу RTVI пра тое, што беларускія палітвязні нібыта з'яўляюцца крымінальнікамі. Ён толькі выказаў шкадаванне, што трактоўка яго выказванняў прынесла боль сем'ям зняволеных апанентаў Лукашэнкі.
Па словах кіраўніка руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, у мемарандуме, які будзе апублікаваны па выніках сустрэчы, будзе выказанае шкадаванне з нагоды таго, што выказванні амбасадара Ізраіля былі «няправільна інтэрпрэтаваныя ў прэсе».
Лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў упэўнены, што Іосіф Шагал прызнае наяўнасць у Беларусі палітвязняў з пункту гледжання ЕЗ, ЗША і іншых дэмакратычных краін, у тым ліку Ізраіля, аднак падкрэслівае, што з пункту гледжання беларускага заканадаўства яны асуджаныя па крымінальных артыкулах.
Нагадаем, некалькі дзён таму амбасадар Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал у інтэрв'ю каналу RTVI заявіў, што з пункту гледжання Ізраіля беларускія палітвязні з'яўляюцца крымінальнікамі. Гэта заява была раскрытыкаваная сваякамі палітычных вязняў і апазіцыяй.
Фота: "Тэлеграф"