30 красавiка 2024, aўторак, 21:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: У нас грошай няма, грошы ёсць у Кітая

133
Лукашэнка: У нас грошай няма, грошы ёсць у Кітая

Правадыр растлумачыў, чаму кітайцы будуюць парк пад Менскам.

Пра гэта Лукашэнка заявіў на нарадзе 14 лютага, паведамляе ягоная прэс-служба.

Правадыр падкрэсліў, што ў краіне гэтаму маштабнаму праекту надаецца асаблівае значэнне. Ён з'яўляецца не толькі знакавым прыкладам стратэгічнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая, але і важным стымуляцыйным чыннікам развіцця нашай эканомікі.

Паводле слоў Лукашэнкі, рэалізацыя гэтага праекта расхінае перспектывы ўкаранення высокіх тэхналогій, а таксама перадавога сусветнага досведу вядзення бізнэсу, мэнэджмэнту, будаўніцтва і кіравання прамысловымі прадпрыемствамі. Фактычна побач са сталіцай будуецца новы сучасны горад, ствараецца самастойная тэрытарыяльна-эканамічная адзінка. Тут запланаванае не толькі размяшчэнне інавацыйных, экспартаарыентаваных вытворчасцяў, але і стварэнне камфортных варункаў для жыцця людзей.

Лукашэнка выказаў незадаволенасць тэмпамі стварэння парку. Яго насцярожвае, што, нягледзячы на вялікае дзяржаўнае значэнне, якое надаецца парку, працэс яго стварэння ідзе занадта павольна, калі не сказаць, што не ідзе ніяк. З ягоных слоў, "гэта яшчэ адно бязладдзе з боку ўрада і адказных асоб".

"Калі вы так планавалі ствараць гэты парк, навошта за гэты праект было брацца наогул?" - спытаў ён. Да прыкладу, толькі на распрацоўку і ўзгадненне генеральнага плана змарнавалі восем месяцаў, што недапушчальна доўга. "Студэнт за дзень, а, можа быць, і за ноч перад абаронай дыплома вырысаваў бы яго", - абурыўся правадыр.

Лукашэнка незадаволены і тым, што "дагэтуль не расстаўленыя ўсе кропкі ў пытаннях фінансавання гэтага праекта, фінансаванне наогул не спланаванае".

"Мы дамаўляліся, што парк - гэта не проста збой нейкіх прадпрыемстваў, якія тым больш ужо існуюць у Беларусі і вырабляюць тавары, - сказаў ён. - Навошта, да прыкладу, новы трактарны завод у парку, завод для вырабу грузавых аўтамабіляў? Тыя прадпрыемствы, якія ўжо ёсць у Беларусі, у парку нам не патрэбныя. Мы дамовіліся, што ў Беларусі, у цэнтры Еўропы, калі і ствараць прамысловую вытворчасць, то яна павінна быць самая перадавая, і, натуральна, на гэтай тэрыторыі павінны быць прадстаўленыя перспектыўныя прадпрыемствы, сусветныя брэнды".

Правадыр раней даручаў прэм'ер-міністру ўзяць гэтыя пытанні на асабісты кантроль і сёння запатрабаваў адрапартаваць аб рэальнай сітуацыі. Лукашэнка закрануў таксама тэму інфармацыйнай працы для прыцягнення ў парк рэзідэнтаў. "МЗС разаслаў па амбасадах 1,5 тысячы брашур, зрабілі справаздачу і на гэтым кропка, ляглі на дно, чакаюць. Што вы чакаеце?" - спытаў Лукашэнка.

Ён нагадаў, што адмысловым указам быў устаноўлены льготны падатковы рэжым, які дазваляе вытрымаць канкурэнцыю як на рынку як Мытнага саюза, так і ЕЗ. Створаны асобны дзяржаўна-прыватны механізм кіравання паркам, сфармаваныя адпаведныя арганізацыйныя структуры.

"Мне падалі праект новага ўказа аб парку. Я не супраць абмеркаваць гэты ўказ. Але баюся, што яго можа спасцігнуць лёс папярэдняга, падпісанага ўказу, - сказаў ён - У нас, калі раскідаецца нейкая справа, то ўрад падсоўвае новы дакумэнт. Хачу пачуць, навошта ён патрэбны".

"Калі гарачыя галовы, якія прапаноўвалі гэты парк, сёння астылі і мяркуюць, што ён краіне не патрэбен, так набярыцеся мужнасці і скажыце пра гэта. Нам чарговая свабодная эканамічная зона не патрэбная - патрэбныя супэрсучасныя вытворчасці, фабрыкі, заводы, дзе будуць вырабляць запатрабаваную ў свеце прадукцыю, самыя прасунутыя прадпрыемствы. Нам не патрэбныя нават працоўныя месцы, як мы звыклі казаць, - у нас усе людзі працаўладкаваныя, наадварот, працоўных рук не стае. Нам патрэбныя высокапрадукцыйныя працоўныя месцы, дзе 1 чалавек будзе працаваць за 100 чалавек", - сказаў ён.

Як мяркуе правадыр, для таго каб стварыць такую вытворчасць у Беларусі, ёсць усё, і самае галоўнае - людскія рэсурсы і стабільнасць у краіне, чаго сёння так бракуе шмат якім дзяржавам. "І інвестары шукаюць, як яны кажуць, ціхую гавань, каб размясціць свае капіталы, прадпрыемствы, і спакойна працаваць, вырабляць патрэбную прадукцыю", - падкрэсліў Лукашэнка.

Віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік прызнаў, што рэалізацыя праекта стварэння парку сталася нашмат складанейшая, чым гэта бачылася першапачаткова. Разам з тым, за паўтары гады пасля падпісання адпаведнага ўказа шмат што здолелі зрабіць: створаныя і працуюць адміністрацыя і супольная кампанія для развіцця парку, сфармаваны статутны фонд, распрацаваны і зацверджаны генеральны план тэрыторыі, распрацаваны дэталёвы план тэрыторыі першачарговага асваення, вядзецца праца для прыцягненню ў парк інвестараў з ліку буйных вядомых кампаній.

Анатоль Тозік таксама адзначыў, што з кітайскай стараной трэба ўзгадніць дэталёвы план тэрыторыі першачарговага асваення. Адна з галоўных задач складаецца ў мінімізацыі выдаткаў на будаўніцтва інфраструктуры гэтай тэрыторыі. Віцэ-прэм'ер уважае, што частку інфраструктуры можна было б стварыць за кошт нацыянальнага бюджэту. У праекце новага ўказа таксама ўтрымліваюцца прапановы аб зніжэнні фінансавага ціску на інвестараў. Акрамя таго, трэба ўдакладніць механізм дастасавання асобных нормаў заканадаўства.

"У частцы стварэння дадатковых ільгот і паслабленні нейкіх рэжымаў вы можаце ўносіць навацыі, але ў вашых прапановах я не бачу ніякай навацыі, - заўважыў кіраўнік. - Гэта звычайны шаблон, паводле якога ўрад уносіць мне прапановы. Калі вы хочаце чарговы праект, палову, як мінімум, усчапіць на бюджэт, у мяне такіх грошай няма".

Лукашэнка падкрэсліў, што пры стварэнні парка трэба грунтавацца выключна на пытаннях эканомікі.

"Мне тут ніякая палітыка не патрэбная. У мяне няма грошай на такую палітыку. Гэта павінен быць спрэс камерцыйны праект. Калі кітайцы камусьці давалі крэдыт пад 2,5-3%, то пад 5-6% мы крэдыты браць у іх не будзем. Вось у чым павінна быць палітыка, - адзначыў ён. - Гэта павінен быць камерцыйны праект. І першы, хто ў гэтым павінен быць зацікаўлены, - гэта КНР. Ім вельмі важны і патрэбны гэты праект. Ім трэба выходзіць у гэтую частку планеты, дзе ў іх няма пазіцый. Мы даем такую магчымасць".

Правадыр сказаў, што ў Сочах у яго адбылася паўтарагадзінная сустрэча са Старшынём КНР Сі Цзіньпінам, які цікавіўся тым, якія ўзнікаюць цяжкасці ў рэалізацыі супольных праектаў, і якая ў сувязі з гэтым патрэбная дапамога.

Напісаць каментар 133

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках