30 красавiка 2024, aўторак, 23:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія карані амерыканскай ТВ

9
Беларускія карані амерыканскай ТВ

Нараджэнец Беларусі Давід Сарноў стаяў ля вытокаў амэрыканскага радыё і тэлевізіі.

Менавіта ён арганізаваў рэгулярную тэлевізію ў ЗША. Давід Сарноў быў не толькі пажыццёвым старшынём рады дырэктараў радыёвяшчальнай карпарацыі ЗША, але і дарадцам дзесяці прэзідэнтаў ЗША, піша aif.by.

Узляны - Нью-Ёрк

Пра тое, што гэты вядомы амэрыканец нарадзіўся ў беларускім мястэчку Ўзляны Пухавіцкага раёна, мясцовыя жыхары даведаліся ад журналістаў гадоў дзесяць таму. Адсюль, з Узлян, у 1900 годзе, калі Давіду было 9 гадоў, ягоная сям'я перабралася ў Нью-Ёрк.

Каб падтрымліваць сям'ю, яшчэ школьнікам Давід прадаваў газэты ў вольны ад заняткаў час. На адкладзеныя ад продажу газэт грошы ў 13 гадоў ён купіў газетны кіёск, у якім сам жа працаваў. Сарноў планаваў працягнуць кар'еру ў газэтным бізнэсе, але выпадкова трапіў на працу ў Камерцыйную кабельную кампанію. Адтуль ён перайшоў у кампанію Марконі, якога на Захадзе ўважаюць за вынаходніка радыё.

За 13 гадоў працы на Марконі Сарноў дарос да пасады камерцыйнага мэнэджэра кампаніі. У 1911 годзе ён усталёўваў бяздротавыя прылады на суднах, якія палявалі на цюленяў каля выспаў Ньюфаўндленд і Лабрадор у Атлантычным акіяне.

Доўгі час меркавалі, што менавіта Сарноў першы атрымаў радыёсігнал з «Тытаніка», які тануў, і трымаў сувязь з караблём тры дні. Пазней высветлілася, што гэта быў зусім іншы чалавек, але менавіта фотаздымак Сарнова са спісамі пасажыраў тых «Тытаніка», хто выжыў, абляцеў у 1913 годзе ўсе амэрыканскія газэты.

Дарэчы, акурат пасля трагедыі «Тытаніка» Кангрэс ЗША прыняў закон, паводле якога ўсе судны, што змяшчаюць больш за 50 пасажыраў, мусілі быць абсталяваныя радыёапаратурай.

Слава Сарнова

У той час як шмат хто з радыстаў таго часу разглядаў радыёсувязь выключна для перадачы звестак ад аднаго пункта да іншага, Сарноў верыў у патэнцыял радыё, якое з аднаго перадатчыка магло б вяшчаць на вялікую аўдыторыю.

Сарнову належыць ідэя «музычнай скрыні» - радыёпрымальніка. Для яго папулярызацыі ён арганізаваў «бітву года»: матч паміж вядомымі баксёрамі Джэкам Дэмпсі і Жоржам Карпанцьерам транслявалі праз радыё. Радыётрансляцыю пачула 300 тысяч чалавек. І ўжо праз тры гады ў ЗША працавалі 523 радыёстанцыі, а насельніцтва купіла 2,5 млн радыёпрымальнікаў.

Поспех Сарнова прынёс яму пасаду галоўнага кіраўніка радыёвяшчальнай карпарацыі ЗША ў 1921 годзе і ўжо праз год - віцэ-прэзідэнта і генеральнага дырэктара. З 1930 года і да канца жыцця Сарноў быў дырэктарам карпарацыі.

Выхадзец з Беларусі адыграў важную ролю ў стварэнні і ўсталяванні АМ-радыёвяшчання - галоўнага радыёстандарта XX стагоддзя да з'яўлення FM-радыё.

Прыняўшы пад увагу распрацоўку расейскага эмігранта Уладзіміра Звыркіна, Сарноў таксама арганізаваў тэлевізійнае вяшчанне ў ЗША. Улетку 1936 адбылася першая тэлетрансляцыя Алімпійскіх гульняў з Бэрліна. А ў 1948 годзе ў ЗША ўжо было больш за 750 тысяч тэлевізараў і 127 тэлестудый.

Ужо пасля вайны пад кіраўніцтвам Сарнова была створаная сістэма каляровай тэлевізіі, спалучальная з чорна-белай, і зроблены запіс тэлеперадачы на магнітную відэастужку.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках