30 красавiка 2024, aўторак, 20:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ВАК не зацвердзіла дысертацыю жонкі Бяляцкага

36
ВАК не зацвердзіла дысертацыю жонкі Бяляцкага

Вышэйшая атэстацыйная камісія не зацвердзіла паспяхова абароненую дысертацыю Наталлі Пінчук.

Яе тэма - «Ювелірныя ўпрыгажэнні строяў IX-XIII стагоддзяў (фактары фарміравання і стылістычныя асаблівасці мастацкай традыцыі на тэрыторыі Беларусі)», піша «Новы час».

Сваю дысертацыю Наталля Пінчук абараніла ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Савет па абароне дысертацый гэтай акадэмічнай установы аднагалосна прагаласаваў за прысваенне Наталлі вучонай ступені кандыдата мастацтвазнаўства. Аднак у канцы мінулага года гэтая пастанова было адменена прэзідыумам ВАК, які спаслаўся на адмоўнае заключэнне свайго экспертнага савета па мастацтвазнаўству і культуралогіі.

Наталля Пінчук яшчэ ў юнацтве захапілася старажытным мастацтвам. Ужо дыпломную працу яна пісала пра шкляныя ўпрыгожванні, знойдзеныя на тэрыторыі Гомельскага замчышча.

У дысертацыі яна даследавала больш за тысячу старажытных знаходак, перш за ўсё - менш вывучаныя бронзавыя вырабы. Артэфакты, якія з канца XIX да пачатку XXI стагоддзяў былі ўведзены ў навуковы абарот пераважна беларускімі археолагамі, сталі найбольш каштоўнай крыніцай для вывучэння мастацкай традыцыі ювелірнага ўпрыгажэння.

У працы Наталлі Пінчук гаворка ідзе пра ўпрыгожванні тагачаснага гарадскога і сельскага насельніцтва Беларусі: арнаментаваныя скроневыя кольцы, завушніцы, падвескі, бранзалеты і пярсцёнкі разнастайных формаў.

- Наталля, вы абаранілі кандыдацкую дысертацыю яшчэ 7 чэрвеня. Чаму пра гэта ніхто да гэтага часу не ведаў?

- Пакуль вынікі абароны не зацверджаны ВАК, праца фармальна не лічыцца абароненай. Таму я і не распавядала аб абароне.

- А што стала прычынай адмовы ВАК прызнаць вынікі абароны дысертацыі?

- Кожная навуковая праца можа (і нават павінна) ўтрымліваць новыя высновы, з якімі бывае цяжка пагадзіцца прадстаўнікам ранейшай навуковай традыцыі. Вядома ж, бываюць і недакладнасці - больш ці менш сур'ёзныя.

Разам з тым мяне ўразіў не прафесіяналізм заўваг, пытанняў і абвінавачванняў, якія зыходзілі ад эксперта ВАК, які падрыхтаваў водгук на маю працу. Менавіта на гэтай аснове і быў вынесены адмоўны вердыкт.

Я разумею, што большасць сяброў камісіі - не адмыслоўцы ў маёй навуковай тэме, але гэта не падстава прымаць да ўвагі галаслоўныя сцвярджэнні рэцэнзента, не падмацаваныя канкрэтнымі фактамі.

- Як, азіраючыся на праведзеную працу і на яе публічную абарону, вы пазначылі б яе асноўныя вынікі?

- Даследаваннем тэмы я займалася доўгі час, і вынікам стала праца, дзе матэрыяльныя помнікі сярэднявечча асэнсаваны з мастацтвазнаўчага пункту гледжання.

Я звяртала ўвагу на эстэтычныя вартасці ўпрыгожванняў, выявіла характэрныя рысы сілуэту, аб'ёму, пластыкі, кампазіцыі, колеру, якія ўласна і фармавалі мастацкі вобраз ювелірнай рэчы. Вялікую ролю ў стварэнні вобразнай і эмацыйнай выразнасці ўпрыгожванняў меў арнамент.

У дэкоры ўпрыгожванняў гэтага перыяду вылучаюцца геаметрычныя матывы і матывы расліннага, зааморфнага і антрапаморфнага характару. Элементы і матывы арнаменту былі не проста дэкорам, але з'яўляліся дахрысціянскімі сімваламі, магічны сэнс якіх тады яшчэ не быў страчаны. Даўнія традыцыі, заснаваныя на мясцовых вераваннях, выявіліся ў геаметрычных матывах круга, ромба і г.д. А мастацкія ўплывы з Усходу і Захаду намеціліся пашырэннем раслінных малюнкаў у выглядзе крына (трохпялёсткавая кветка, лілея або дрэва жыцця) і вінаграднай лазы, жывёльных матываў (грыфонаў і цмокаў). Антрапаморфныя выявы часцей адлюстроўвалі хрысціянскую тэматыку. У стылістыцы ўпрыгожванняў архаічныя традыцыі пераплятаюцца з візантыйскім і раманскім стылямі.

Стрыманасць у выкарыстанні мастацкіх эфектаў, якая назіраецца ва ўпрыгожваннях з беларускіх зямель, не прыводзіць да іх спрашчэння, а наадварот, праз лаканізм мастацкай мовы, праз цудоўнае адчуванне матэрыялу, дакладныя прапорцыі выяўляе іх высакароднасць і высокі мастацкі густ майстроў ювелірнай справы тагачаснай беларускай зямлі.

Заўвагі ВАК Наталлю проста шакавалі, бо адны не мелі дачынення да тэмы дысертацыі, іншыя выглядалі проста дзіўна. Напрыклад, эксперт выказаў заўвагу адносна адсутнасці згадак пра крыж Ефрасінні Полацкай у працы, прысвечанай аздабленню строя.

Таксама была выказана прэтэнзія з нагоды адсутнасці прыкладаў Протарэнесанса ў ювелірным аздабленні з тэрыторыі Беларусі IX-XIII стагоддзяў. Хоць такіх прыкладаў проста не існуе.

Абурэнне эксперта тым, што мастацтвазнаўца не пераправерыў стратыграфіі ювелірных вырабаў, выглядае наогул абсурдна, бо стратыграфія - гэта ўзаемнае размяшчэнне культурных слаёў у глебе (яно непазбежна парушаецца ў выніку раскопак).

Як недахоп дысертацыі было адзначана і нежаданне Наталлі Пінчук карыстацца «выразнай», на думку эксперта, класіфікацыяй помнікаў: «сакральныя, свецкія і паганскія». Не трэба быць навукоўцам, каб зразумець недарэчнасць такога падыходу, бо і паганскія творы могуць быць сакральнымі.

Некаторыя заўвагі эксперта, якія наогул цяжка зразумець, варта прывесці з захаваннем аўтарскага стылю і арфаграфіі: «Непераканаўча зроблена выяўленне ўзаемасувязі стылявых і тыпалагічных ювелірных вырабаў у розныя перыяды. Фактычна не прасочаны ўзаемаўплыў формаўтваральных канцэпцый мастацкіх ідэй ювелірнай справы і іншых відаў дэкаратыўна-ужытковае мастацтва; спосабы іх ўзаемадзеяння ў розныя перыяды».

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках