30 красавiка 2024, aўторак, 17:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У менскім радзільным доме памерла маладая настаўніца

256
У менскім радзільным доме памерла маладая настаўніца

Настаўніца сталічнай школы №30 Ганна Якутовіч нарадзіла сваё першае дзіця 12 студзеня.

Але дадому з радзільні вярнулася толькі яе маленькая дачка - неўзабаве пасля родаў жанчына апынулася ў коме і памерла. Пра смерць парадзіхі ў менскім радзільным доме №6 піша «Наша Ніва».

Муж Ганны Андрэй да гэтага часу не можа адысці ад шоку: Ганна была цалкам здаровая і нарадзіла здаровае дзіця як раз на гадавіну вяселля.

Як распавяла сваячка Андрэя Дар'я Ганчарэнка, у радзільню Ганна прыехала разам з мамай пасля таго, як у яе адышлі воды. Ужо раніцай 12 студзеня нарадзілася дзяўчынка. «Пасля гэтага Ганна ні разу не выходзіла на сувязь, - кажа Дар'я. - Днём нам паведамілі, што ў яе адкрыўся матачны крывацёк, і яна апынулася ў коме. 15 студзеня яе не стала...»

Паводле версіі медыкаў, роды прайшлі добра, але праз дзве гадзіны ў Ганны Якутовіч адкрыўся крывацёк. Адразу ж выклікалі рэанімацыйную брыгаду на чале з намеснікам галоўнага лекара Уладзімірам Сілявам. Медыкі правялі дзве ці тры аперацыі: спачатку выдалілі рэшткі плацэнты, затым цалкам выдалілі матку. Кажуць лекары і аб трэцяй аперацыі і міёме.

Пасля аперацый стан Ганны не палепшыўся, і яе падключылі да апарата штучнага забеспячэння жыццядзейнасці. 14 студзеня ў Ганны спынілася сэрца, але медыкі змаглі запусціць яго нанова. Паводле сцвярджэння лекараў, 15 студзеня ў Ганны адмовілі ныркі.

Родныя не схільныя верыць медыкам. З імі ананімна падзяліліся іншай інфармацыяй. «Ганну, прасцей кажучы, не даглядзелі, - распавядае Дар'я. - Нягледзячы на тое, што яна знаходзілася не ў вельмі добрым стане, яе выкацілі з радзільні на калідор. Мабыць, за станам Ганны ніхто не сачыў - у гэты час змянялася брыгада медыкаў. Спахапіліся праз дзве гадзіны, калі страта крыві дасягнула двух літраў. Менавіта тады ў яе і спынілася сэрца. Сэрцабіцце аднавілася, але мозг на той момант ужо памёр, таму Ганна памерла яшчэ 12 студзеня».

Журналістам пацвердзілі, што са здароўем у Ганны праблем не было, у 8-й лякарні, дзе да родаў яна ляжала на захаванні. А 12 студзеня з Міністэрства аховы здароўя ў 6-ы радзільны дом выклікалі спецыяліста ў гінекалагічных пытаннях, які пасля згадваў, што лекары прагледзелі крывацёк.

Таксама родныя Ганны ўспамінаюць і негатыўны вопыт зносін з персаналам бальніцы.

Сям'я Ганны Якутовіч мае намер давесці справу да канца і высветліць усе абставіны смерці жанчыны. Пра гэта ж просіць і калектыў школы №30, у якой працавала Ганна.

Дзіця забралі да сябе бацькі Ганны.

Афіцыйных каментароў з гэтай нагоды пакуль не далі ні ў Міністэрстве аховы здароўя, ні ў Камітэце па ахове здароўя Менгарвыканкама. Галоўны доктар 6-й клінічнай бальніцы Віктар Гурко на гэтую тэму размаўляць з журналістам адмовіўся.

Напісаць каментар 256

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках