Ігар Аліневіч: Палітвязні - толькі кропля жахаў турэмнай сістэмы Беларусі
12- 5.02.2014, 16:50
- 20,283
Бацькі палітвязня Аліневіча сустрэлася з ім у калоніі.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміла яго маці Валянціна Аліневіч.
«Мы з мужам вяртаемся з калоніі, дзе ў нас было спатканне з Ігарам. Пагаварылі з ім некалькі гадзін, аддалі перадачу. Сын больш ці менш бадзёры, але ў яго ўжо з'явіліся маршчыны. Ён кажа, што так адлюстроўвае рэальнасць таго, што там адбываецца, што яго выпадак не самы страшны, а палітвязні - маленькая кропля ва ўсёй гэтай пенітэнцыярнай сістэме. Лічыць, што ўсё засталося на ўзроўні сталінскага ГУЛАГу і з тых часоў уся гэтая сістэма набірае абароты», - адзначыла яна.
Маці палітвязня дадала, што ён прасіў таксама перадаваць прывітанне сваім блізкім, сябрам і ўсім неабыякавым людзям.
«Як заўсёды, ён мала кажа пра тое, што там адбываецца. Па-ранейшаму з Наваполацкай калоніі патэлефанаваць практычна немагчыма. З кастрычніка месяца яму не даюць рабіць ніякіх тэлефонных званкоў, а лісты прыходзяць з вялікімі перапынкамі», - падкрэсліла Валянціна Аліневіч.
Нагадаем, 27 траўня 2011 года суддзя Заводскага раёна Менска Жанна Хвойніцкая асудзіла Ігара Аліневіча на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер ён адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі №10, якая «славіцца» сваімі дрэннымі ўмовамі. Яго, а таксама Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча абвінавацілі ў арганізацыі шэсця каля будынка Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла» і ізалятар на Акрэсціна, а таксама падпале дзвярэй філіяла «Беларусбанка».