Мікалаю Аўтуховічу не перадаюць лісты з Майдана
5- 8.02.2014, 16:23
- 7,244
Паштоўкі і тэлеграмы, якія пасылалі беларускаму палітвязню ўкраінскія актывісты, не дайшлі да яго.
Пра гэта паведаміла грамадская актывістка і рэжысёр Вольга Нікалайчык. Яна атрымала ад Мікалая Аўтуховіча ліст, у якім гаварылася пра гэта, паведамляе «Радыё Свабода».
«На дзень нараджэння Мікалая яму з Майдана дасылалі віншавальную тэлеграму. Я дакладна ведаю, бо гэта адбывалася на маіх вачах. І даволі нятанна - 180 грыўняў. Ён не атрымаў ні тэлеграмы, ні паштоўкі, што таксама цікава. Такія паштоўкі людзі адправілі з паштамта, які знаходзіцца побач з Майданам, усім 12 палітвязням Беларусі», - распавяла Вольга Нікалайчык.
Грамадская актывістка і рэжысёр мяркуе, што беларускія ўлады пастанавілі не прапускаць палітвязням пошту, якая ідзе з Украіны, дзе цяпер адбываюцца драматычныя падзеі.
Мікалай Аўтуховіч прысуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула 295 частка 3 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Дадаткова палітычнага вязня асудзілі яшчэ на 2 месяцы зняволення, матываваўшы гэта тым, што нібыта новае злачынства ён здзейсніў, не адбыўшы 2 месяцы папярэдняга пакарання. Такім чынам, цяпер ён прысуджаны да 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму без канфіскацыі маёмасці.