26 снежня 2024, Чацвер, 9:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Алесін: З Беларусі Крэмль можа атакаваць Украіну, Польшчу і Літву

64
Аляксандр Алесін: З Беларусі Крэмль можа атакаваць Украіну, Польшчу і Літву

«Беларускі балкон» стратэгічна важны для Расеі.

Пра гэта на канферэнцыі «Беларусь падчас трансфармацыі. Праблемы, выклікі і чаканні», якая прайшла ў Варшаве, заявіў ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін, перадае карэспандэнт сайта charter97.org.

«Што з сябе цяпер уяўляе ваеннае супрацоўніцтва Расеі і Беларусі? На самой справе, як сказаў Лукашэнка, у нас з расейцамі па сутнасці адзіная армія. У нас з Расеяй існуе адзіная рэгіянальная сістэма СПА, у якую ўваходзяць і беларускія, і расейскія падраздзяленні, а таксама ёсць адзінае камандаванне. Праўда, цяпер ёй фармальна камандуе беларускі генерал, але камандуючы прызначаецца на падставе ратацыі, і заўтра там апынецца расейскі генерал. Ёсць адзіная групоўка сухапутных войскаў, у якую ўваходзяць сухапутныя войскі Беларусі і Расеі», - адзначыў ён.

Эксперт падкрэсліў, што «заканадаўча прапісанае знаходжанне расейскіх войскаў са зброяй на тэрыторыі Беларусі: дзе яны знаходзяцца, як яны забяспечваюцца і гэтак далей».

«Гэта значыць практычна расейскія войскі на тэрыторыі Беларусі не маюць статусу замежных. Таму так лёгка, дапусцім, перакінуць групу знішчальнікаў у Баранавічы, і так жа лёгка будзе размясціць ваенную базу пад Лідай. Гэта трэба разумець. І самае важнае - улічваючы важнасць «беларускага балкона для Расеі», адкуль яна можа пагражаць з поўначы Украіне, і на захад Польшчы, і на поўнач краінам Балтыі, Расея ніколі не аддасць тэрыторыю Беларусі. І ў выпадку развіцця сітуацыі, калі актывізуюцца дэмакратычныя сілы ці хаця б з'явіцца недэмакратычны кіраўнік, які не будзе арыентавацца на Расею, мы можам гарантаваць акупацыю Беларусі расейскімі войскамі», - упэўнены Аляксандр Алесін.

Нагадаем, 23 красавіка 2013 года гэтага года міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу, знаходзячыся з візітам у Менску, паведаміў аб планах Расеі размясціць на тэрыторыі Беларусі да 2015 года знішчальны авіяполк.

26 чэрвеня таго ж года галоўнакамандуючы ВПС РФ генерал-лейтэнант Віктар Бондараў паведаміў, што расейская авіябаза будзе дыслакавацца ў Лідзе (Гродзенская вобласць) і пачне функцыянаваць ужо ў 2013 годзе. На ёй будуць размешчаныя мадыфікаваныя знішчальнікі Су-27СМ3.

Затым з'явілася інфармацыя аб размяшчэнні па меншай меры дзяжурных знішчальнікаў у Баранавічах.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках