«Гродна Азот» аддасць Расеі 25% сваіх акцый
8- 1.04.2014, 14:23
- 13,525
Прадпрыемства ў красавіку плануе пачаць конкурс па выбары інвестара для будаўніцтва новага комплексу.
Пры гэтым інвестар стане і акцыянерам, яму будзе перададзена 25% плюс адна акцыя. Пра гэта паведаміў журналістам у аўторак у Менску першы віцэ-прэм'ер рэспублікі Уладзімір Сямашка, піша «Інтэрфакс».
«Гродна Азот» - гэта адзін з пяці беларуска-расейскіх інтэграцыйных праектаў - будзе выбіраць інвестара на конкурснай аснове, пры гэтым інвестар стане і акцыянерам, яму будзе перададзена 25% плюс адна акцыя. Конкурс будзе адкрыты ўжо ў красавіку», - сказаў Сямашка.
Ён нагадаў, што прадпрыемства плануе паралельна рэалізаваць 2 інвестпраекта. Адзін з іх прадугледжвае мадэрнізацыю дзеючай вытворчасці з павелічэннем яе магутнасці на 20%. Другі праект - гэта будаўніцтва новага азотнага комплексу арыентыровачным коштам $1,3 млрд.
Сямашка дадаў, што Беларусь і Расея планамерна рухаюцца да рэалізацыі інтэграцыйных праектаў. У прыватнасці, гэтым пытаннем была прысвечаная сустрэча намесніка старшыні ўрада РФ Дзмітрыя Рагозіна з Лукашэнкам.
Сямашка адзначыў, што ў аўторак Рагозін плануе наведаць беларускія прадпрыемствы «Пеленг» і «Інтэграл», якія таксама ўваходзяць у «пяцёрку» інтэграцыйных праектаў.
Як паведамлялася, урад Беларусі будзе выбіраць інвестара для ААТ «Гродна Азот» зыходзячы з наяўнасці неабходных сыравінных рэсурсаў у прэтэндэнтаў. «Асноўнай сыравінай для новай вытворчасці з'яўляецца прыродны газ, які ў цяперашні час імпартуецца з Расеі. Адпаведна, выбар інвестара будзе ажыццяўляцца зыходзячы з асноўнай умовы - наяўнасці ў інвестара сыравіннага рэсурсу (прыроднага газу) і магчымасці забеспячэння ім у поўным аб'ёме ААТ «Гродна Азот», а таксама новага азотнага комплексу», - інфармавала ўрадавая прэс-служба.