Прыднястроўе папрасіла Дзярждуму аб прызнанні сваёй незалежнасці
6- 18.04.2014, 20:00
- 23,195
У Дзярждуму Расеі накіравана просьба прыняць пастанову аб прызнанні Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі незалежнай дзяржавай.
Спікер «парламента» непрызнанай дзяржавы Міхаіл Бурла падчас сустрэчы ў Маскве перадаў першаму віцэ-спікеру Дзярждумы Івану Мельнікаву арыгінал звароту Вярхоўнай Рады ПМР. У ім утрымліваецца просьба прыняць неабходныя пастановы аб прызнанні незалежнасці рэспублікі, паведамляе «Інтэрфакс».
«Падчас сустрэчы Бурла перадаў Мельнікаву арыгінал звароту Вярхоўнай Рады ПМР ад 16 красавіка 2014 года да старшыні Дзяржаўнай Думы з просьбай прыняць неабходныя пастановы аб прызнанні Прыднястроўскай малдаўскай рэспублікі незалежнай дзяржавай», - паведаміў прэс-сакратар Мельнікава Павел Шчарбакоў.
Ён дадаў, што са свайго боку Мельнікаў выказаў разуменне ў дачыненні да імкнення кіраўніцтва і насельніцтва Прыднястроўя на карысць «збліжэння з Расеяй» і запэўніў высокага госця ў тым, што ў Дзярждуме зыходзяць з законнага права грамадзян самастойна вызначаць свой лёс і ўважліва паставяцца да згаданага звароту Вярхоўнай Рады ПМР.