Былы кіраўнік МУС Украіны Захарчанка стварыў АЗГ з міліцыянтаў
11- 23.04.2014, 21:24
- 27,686
Міністр падчас пратэстаў кіраваў арганізаванай злачыннай групоўкай.
Так успрымае дзеянні Віталія Захарчанкі часовая следчая камісія ў пытаннях расследавання супрацьпраўных дзеянняў праваахоўных органаў і асобных службовых асоб у часе масавых акцый пратэсту ў Кіеве ў лістападзе 2013 года - лютым 2014 года, піша «Інтэрфакс».
«Мы мяркуем, што была створаная ўстойлівая злачынная групоўка, якая займалася тым, што перавышала свае службовыя паўнамоцтвы і стварыла дакладную сістэму, што прычынілася да цяжкіх наступстваў», - сказаў кіраўнік ЧСК, народны дэпутат Украіны Генадзій Маскаль падчас пасяджэння камісіі ў сераду ў Кіеве.
Ён адзначыў, што камісія цалкам адпрацавала факты толькі аднаго дня - 30 лістапада 2013 года - і накіравала ўсе звесткі пра падзеі гэтага дня ў Генэральную пракуратуру.
«У нас накіравана і ўсё ясна аб сітуацыі 30 лістапада, аб іншых (фактах і днях) нам трэба апытаць яшчэ 60-70 людзей, каб мы мелі дакладнае ўяўленне», - адзначыў Маскаль.
Ён паведаміў, што ўсе звесткі, напрацаваныя камісіяй аб 30 лістапада, перададзеныя ў Генпракуратуру, і «мы просім, каб Генэральная пракуратура кваліфікавала стварэнне арганізацыі на чале з Захарчанкам як злачынную групоўку».
Са слоў Маскаля, людзям, якія датычныя да гэтых падзей, ужо павінны быць уручаныя паведамленні аб падазрэнні ў падзеях на Майдане 30 лістапада, уручаныя матэрыялы абвінавачвання, і гэтыя матэрыялы павінны быць накіраваныя ў суд.
Нагадаем, паводле пэўных звестак, былы міністр уцёк з Украіны праз Беларусь. Цяпер ён знаходзіцца на тэрыторыі Расеі.
Фота: podrobnosti.ua