Масавыя звальненні на «Белшыне»
67- 13.05.2014, 15:52
- 83,499
На ААТ «Белшына» пачаліся масавыя скарачэнні рабочых.
Пад скарачэнне трапілі і актывісты Беларускага незалежнага прафсаюза, у тым ліку старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі - Артур Міхалап, паведамляе прэс-служба БНП.
- У маім цэху было скарочана 138 работнікаў, больш паловы з іх сышло за браму. Кіраўніцтва тлумачыць гэта праведзенай мадэрнізацыяй. У цэхах усталяванае новае абсталяванне, старое абсталяванне часткова было знесена, часткова было перададзена ў іншыя падраздзяленні. Для таго каб сабраць 100 пакрышак патрэбныя былі чатыры станка першай стадыі, два другой стадыі. А зараз паставілі комплекс, на якім працуе ўсяго два чалавекі і ён за змену выдае 200 колаў, - распавядае ён.
Са слоў старшыні пяршоўкі, перад работнікамі, якія трапілі ў спісы на скарачэнне было пастаўленае патрабаванне: ці скарачайся па прычыне істотнай змены працы, табе перарабляюць кантракт, і, губляючы ўсе свае напрацоўкі і прэферэнцыі, ты пераходзіш у іншае падраздзяленне са стратай у зарплаце. Калі ты не хочаш ісці пад скарачэнне, тады праз тры месяцы з табой будзе скасаваны кантракт з выплатай двухтыднёвай дапамогі. Або звальняйся і атрымлівай нармальную выхадную дапамогу.
- Звольнілася ў асноўным моладзь. З маёй змены звольніліся шэсць чалавек разам са мной. Сэнс заставацца на заводзе дзе ўпалі зарплаты? Калі мы яшчэ цярпелі за 5-6 мільёнаў, працуючы ў выходныя і святочныя дні, то зараз людзям прапанавалі перавесціся ў іншыя падраздзяленні на 3-4 мільёна на вакансіі слесараў, прыбіральшчыкаў і кіроўцаў пагрузчыкаў. Засталіся на заводзе ў асноўным пенсіянеры і работнікі перадпенсійнага ўзросту. Калі б на новыя комплексы перавялі работнікаў, якія ўжо не першы год працуюць на заводзе, то мы б вядома пачалі патрабаваць выплату за шкоднасць і іншае. Таму яны набралі зялёных і нявопытных з вуліцы. Мы задавалі гэтае пытанне наўпрост начальству на працоўных сходах, а адказ не атрымалі, - кажа Артур.
Намеснік старшыні пяршоўкі БНП Міхаіл Усціновіч, які прапрацаваў не адзін дзесятак гадоў на прадпрыемстве лічыць тое, што адбываецца, безадказным:
- Колькі тут працую, увесь час скарачаюць. Палохаюць гэтым скарачэннем. Па-першае, у мяне ўзнікае пытанне да кіраўніцтва: а навошта было прымаць столькі народу на прадпрыемства, каб потым іх скарачаць? Па-другое, намеснік гендырэктара па ідэалагічнай працы на заводзе атрымлівае каля 30 мільёнаў у месяц, а работнік з сажай у вачах па 5-6 мільёнаў, - падкрэсліў ён.
Нагадаем, пра тое, што з ААТ «Белшына» будзе звольненая трэць работнікаў, у жніўні мінулага года паведаміў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.
Архіўнае фота: bobruisk.ru