Генпракуратура абвінаваціла ЖКГ Віцебска ў зрыве «мадэрнізацыі»
4- 14.05.2014, 12:17
- 9,378
Пракуратура жорстка раскрытыкавала працу камунальнікаў на Віцебшчыне.
У ходзе правядзення органамі пракуратуры Віцебскай вобласці наглядных мерапрыемстваў устаноўлена, што арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі не ў поўнай меры выкананыя задачы па павышэнню эфектыўнасці работы і мадэрнізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі па выніках працы ў 2013 годзе, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры Беларусі.
Звяртае на сябе ўвагу рост дэбіторскай запазычанасці арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці (запазычанасць насельніцтва - 4,2 млрд. рублёў (7,5%), суб'ектаў гаспадарання - 48,6 млрд. рублёў (+46 %)). Разам з тым належныя меры па спагнанні гэтай запазычанасці не прымаюцца.
Арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі не дасягнуты неабходны ўзровень рэнтабельнасці, не выкананыя паказчыкі па зніжэнні ўдзельнага расходу электраэнергіі, забеспячэнню долі мясцовых відаў паліва ў балансе кацельна-пячнога паліва, замене ліфтаў і г.д.
Акрамя таго, праверкай устаноўленыя парушэнні пры ўтрыманні пад'ездаў і іншых дапаможных памяшканняў. У ходзе рэйдавых мерапрыемстваў выяўленыя парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі ў падстрэхавых і падвальных памяшканнях жылых дамоў, дадзеныя памяшканні не зачыняюцца.
Арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі не заўсёды ажыццяўляецца аб'ектыўная ацэнка эксплуатацыйнага стану вуліц населеных пунктаў, не забяспечваецца належным чынам іх рамонт.
Практычна ва ўсіх рэгіёнах вобласці выяўленыя парушэнні заканадаўства пры ўтрыманні абсталявання дзіцячых гульнявых пляцовак на прыдамавых тэрыторыях, грамадскіх і школьных стадыёнах, якія сведчаць пра зношанасць дадзенага абсталявання, немагчымасцб яго бяспечнага выкарыстання дзецьмі.
Не выконваюцца санітарныя нормы і правілы на тэрыторыях населеных пунктаў вобласці, што выяўляецца ў несвоечасовым прыбіранні смецця, збіранні бытавых адходаў, неналежным утрыманні кантэйнерных пляцовак.
Насуперак устаноўленым патрабаванням арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі належным чынам не арганізавана работа па адлове безнаглядных жывёл, прыцягненню да адміністрацыйнай адказнасці грамадзян, якія дапускаюць парушэнні правілаў утрымання хатніх жывёл.
У ходзе праверкі таксама ўстаноўленыя парушэнні заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, дзяржаўных закупках і іншыя парушэнні заканадаўства.
Па фактах названых парушэнняў пракурорамі гарадоў і раёнаў вобласці ўнесена 25 прадстаўленняў, вынесена 13 прадпісанняў, абвешчанае 1 афіцыйнае папярэджанне.
Пракуратурай вобласці ў Віцебскі аблвыканкам унесенае прадстаўленне аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў заканадаўства, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічалі.