Блокпакет акцый «Гродна Азот» выстаўлены на продаж
10- 16.05.2014, 21:08
- 20,831
Улады абвясцілі конкурс аб продажу 25% (+1 акцыя) аднаго з найбуйнейшых нафтахімічных прадпрыемстваў краіны.
Паведамленне аб правядзенні конкурснага дабору інвестара для ўдзелу ў прыватызацыі належных Рэспубліцы Беларусь акцый ААТ «Гродна Азот» апублікаванае на сайце Дзяржкамітэта маёмасці Беларусі.
Агулам выстаўляецца пакет у колькасці 1 629 515 штук акцый прадпрыемства коштам не ніжэйшым за 414 млн даляраў ЗША.
Як гаворыцца ў паведамленні, кошт акцый вызначаны з улікам наўпроставых паставак прыроднага газу ад магістральнага газаправода ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» да ААТ «Гродна Азот».
Умовай куплі акцый з'яўляецца ўнясенне інвестарам у парадку і тэрміны, устаноўленыя інвестыцыйным пагадненнем, у статутны фонд ААТ «Гродна Азот» грашовых сродкаў у суме не меншай як 440 млн даляраў ЗША шляхам набыцця дадаткова выпусканых акцый ААТ «Гродна Азот» іх рынкавым коштам на 1 студзеня каляндарнага года, у якім будзе прынятая пастанова аб выпуску акцый, у колькасці, якая дазваляе інвестару мець ва ўласнасці не больш чым 50% плюс 1 акцыя статутнага фонду ААТ «Гродна Азот», з накіраваннем гэтых сродкаў на мадэрнізацыю вытворчасці ААТ «Гродна Азот».
Інвестар павінен захаваць для работнікаў сацыяльныя і матэрыяльныя варункі на працягу 5 гадоў, прадугледжаныя працоўнымі дамовамі, а таксама забяспечыць беларускія сельгаспрадпрыемствы азотнымі ўгнаеннямі ў аб'ёмах, штогод узгодненых Мінсельгасхарчам, і коштам, які забяспечвае рэнтабельную работу ААТ «Гродна Азот» і яго развіццё.
Патэнцыйны пакупнік павінен укласці з Мінэканомікі Беларусі пагадненне аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта «Будаўніцтва новага азотнага комплекса» і пабудаваць яго да 31 снежня 2019 года.
Інвестар абавязаны гарантаваць пастаўку прыроднага газу ў аб'ёме, які забяспечвае поўную занятасць вытворчых магутнасцяў ААТ «Гродна Азот» і новага азотнага комплексу на працягу не менш як 10 гадоў.
Да выканання гэтых умоў, паводле задумы Дзяржкаммаёмасці, пакупнік не можа свабодна распараджацца акцыямі ААТ «Гродна Азот».
Рэспубліка Беларусь пакідае за сабой пераважнае права на набыццё акцый ААТ «Гродна Азот» да 2025 года.
Конкурсны дабор адбудзецца 29 ліпеня 2014 года.
Учора падчас жывой тэлефоннай лініі старшыня ДКМ Георгій Кузняцоў заявіў, што вялікую зацікаўленасць да гэтага актыву выявілі некалькі пакупнікоў, сярод якіх, з ягоных слоў, «не толькі расейцы». Раней паведамлялася, што на адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі прэтэндуюць расейскія «МХК «ЕўраХім» і «Газпром Інвестпраект», «Акрон» і «кампанія з Катара».