27 лютага 2024, aўторак, 16:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бацька хлусні

27
Бацька хлусні

Днямі я спрачаўся з адным сваім родзічам. Што можна даказваць адзін адному на постсавецкіх шыротах з канца 2013 і па сённяшнія дні? Толькі пра Крым.

- Я рады, што Расея забрала Крым! – заявіў мне мой крэўны пасля доўгай спрэчкі.

- Чаму? – стаміўся я.

- Таму што Расея павінна падняцца з кален і адрадзіцца.

- Пра якое адраджэнне ты гаворыш, калі на Чырвонай плошчы дагэтуль ляжыць чырвоны людаед, якому кланяюцца? І якое можа быць “падняццё з кален”, калі штогод расейцаў вымірае ці не па мільёну? Расея разваліцца – і гэта непазбежны гістарычны працэс.

- Разваліцца, – спакойна згадзіўся мой родзіч.

Я ўвесь час здзіўляюся: як такія супярэчлівыя перакананні могуць змяшчацца ў адной галаве. Аказваецца, што нейкім чынам могуць. Аказваеца, што можна адначасна і сучаснай шызафрэнічнай Расеяй ганарыцца, і спакойна згаджацца з тым, што канец яе блізкі.

Я, была справа, расчараваўся – ну ніяк не прабіць сцяну гэтую!

Ілжывую Расею і тых, хто яе падтрымоўвае не прымушае задумацца нават тое, што Расея загнала сябе ў кола самых жахлівых вырадкаў чалавецтва, такіх як Сірыя і Паўночная Карэя, якія падтрымалі Расею па крымскім пытанні ў ААН. А як жа: “Скажы мне хто твой сябар і я скажу табе, хто ты”? – запытаецеся вы. Але ў іх на усё ёсць адказ: сіянісцкая/амерыканская/натаўская і г.д. змова.

Згубленыя людзі – махнуў я. Але тут жа сябе спыніў: калі я не магу нешта давесці нават свайму родзічу, каторы хаця б псіхалагічна да мяне нейтральны, дык што я магу даказаць іншым. Я пачаў думаць. Я думаў доўга.

І потым я ўзгадаў.

- Вось ты памятаеш, Пуцін казаў, што ў Крыме няма расейскіх салдат? – запытаў я ў сваяка.

- Так, казаў, – згадзіўся ён.

- А днямі, на прэсухе, ён пад ціскам фактаў прызнаў, што расейскія салдаты ў Крыме былі.

- Ну так, прызнаў.

- Добра, дык ты разумееш, што гэта азначае?

- Што?

- Гэта азначае, што Пуцін – хлус.

- Ну і што, усе хлусы, – парыраваў родзіч.

Я ўсміхнуўся – гэта вельмі добры прыём любога зладзея злоўленага за руку, сказаць: “Дык а ўсе такія ж!”

- Не, пастой, – спыніў я сваяка, – давай не будзем гаварыць пра ўсіх! Мы з табою гаворым пра канкрэтную сітуацыю. Пуцін хлусіў, так?

- Так, – не мог не згадзіцца мой родны.

- А ты ведаеш, хто галоўны хлус?

- Хто?

- Біблія гаворыць, што Сатана: “ён хлус і бацька ўсялякай хлусні” (Яна 8:44). Таму калі ты радуешся перамозе ілжывай Расеі ў Крыме, ты радуешся перамозе Сатаны. Вось пойдзеш сёння яйкі свянціць, і думай пра тое, што калі ты за перамогу любога хлуса, ты за перамогу Сатаны.

Родны мой задумаўся. На гэтым мы скончылі крымскія спрэчкі. І, як мне падаецца, атрымалася ў мяне нешта пахіснуць ў сваяку.

Я перакананы, што кожны з чытачоў незалежных СМІ можа прымусіць свайго апанента па “крымскім пытанні” пагадзіцца прызнаць факт той ці іншай хлусні з вуснаў Пуціна ці з вуснаў ілжывых крэмлёўскіх прапагандыстаў.

І калі апанент ваш згаджаецца хаця б з адзінкавым, канкрэтным фактам, зачытвайце яму словы Ісуса Хрыста, якія Ён гаварыў ілжывым фарысеям:

“Вы – ад бацькі д'ябла і жаданні бацькі вашага выконваць хочаце. Ён быў забойцам ад пачатку і ў праўдзе не вытрываў, бо няма ў ім праўды. Калі гаворыць хлусню, гаворыць ад сябе, бо ён – хлус і бацька хлусні” (Яна 8:44).

І тады ўжо толькі два варыянты: ці чалавек задумаецца і ў памылковых сваіх поглядах пакаецца; ці ён свядома захоча служыць хлусні і свайму бацьку Сатане – бацьку хлусні.

Зміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках