22 лiстапада 2024, Пятніца, 3:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскі актывіст Юрый Рубцоў абвясціў галадоўку ў турме

42
Гомельскі актывіст Юрый Рубцоў абвясціў галадоўку ў турме

Сталі вядомыя падрабязнасці арышту апазіцыянера.

22 траўня суд Чыгуначнага раёна Гомеля прысудзіў толькі што вызваленага пасля двадцаціпяцідзённага арышту Юрыя Рубцова да 5 дзён. На волю актывіст выйдзе ў 4 гадзіны раніцы 27 траўня. На знак пратэсту супраць міліцэйскага і судовага бязмежжа ў ІЧУ ён абвясціў галадоўку, піша сайт ПЦ «Вясна».

52-гадовага актывіста апазіцыі, што адбывае ў Гомельскім ІЧУ новы адміністрацыйны арышт, наведаў адвакат.

Як аказалася, Рубцова вывезлі з турмы на мікрааўтобусе 21 траўня за некалькі гадзін да вызвалення, прывезлі ў аддзяленне міліцыі чыгуначнага вакзала, дзе патрабавалі падпісаць паперы аб адсутнасці прэтэнзій па канфіскаванай майцы, на што актывіст адказаў катэгарычнай адмовай.

З міліцэйскага ўчастка на свабоду яго выпусцілі каля 19:30. Так як асабісты мабільны за час арышту разрадзіўся, ён папрасіў курсанта, які стаяў на вакзале, патэлефанаваць жонцы. Не паспеў Юрый сказаць некалькі слоў, як да курсанта падбег чалавек у цывільным і заявіў «вы далі тэлефон шпіёну». У Гомель Рубцоў прыехаў цягніком Баранавічы-Марыупаль каля 4 гадзін раніцы, дадому адправіўся пешшу.

Недалёка ад чыгуначнага вакзала ў раёне вуліцы Цыялкоўскага да яго са словамі «Юрый, гэта Вы?» падбеглі двое супрацоўнікаў АМАПа і тут жа запатрабавалі пашпарт. Яго спрабавалі абшукваць на прадмет знаходжання наркотыкаў, аднак, прапаршчык і старэйшы лейтэнант атрымалі ў адказ катэгарычны пратэст.

Рубцова даставілі ў аддзяленне міліцыі Чыгуначнага раёна Гомеля, дзе АМАПаўцы, якія затрымалі яго, падалі рапарты аб непадпарадкаванні і нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы. Пры складанні пратаколаў Рубцову было адмоўлена ў адвакаце, таксама пасля затрымання яму не далі магчымасці патэлефанаваць жонцы.

Пасля складання пратаколаў актывіста адвезлі ў ІЧУ, а потым - у суд Чыгуначнага раёна Гомеля. У судзе супраць актывіста сведчылі ўсё тыя ж прапаршчык і старэйшы лейтэнант АМАПу, са слоў якіх «пры затрыманні Рубцоў упаў на зямлю, супраціўляўся, лаяўся ў іх бок нецэнзурна».

Суддзя, прозвішча якога актывіст не запомніў, паверыў амапаўцам і прысудзіў актывіста паводле двух пратаколаў да 5 дзён арышту, пасля чаго Юрый Рубцоў заявіў, што аб'яўляе галадоўку супраць міліцэйскага і судовага бязмежжа.

Пакаранне ў ІЧУ Юрый Рубцоў адбывае ў адзіночнай камеры. Баючыся паўтарэння бязмежжа ад людзей у форме, ён просіць неабыякавых сустрэць яго раніцай 27 траўня ля Гомельскага ІЧУ.

Фота: «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках