Міклаш Харашці вітае вызваленне Бяляцкага
- 25.06.2014, 10:40
- 5,450
Спецыяльны дакладчык ААН аб Беларусі Міклаш Харашці вітаў вызваленне праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
Адначасова ён заклікаў улады ў Менску забяспечыць неадкладнае вызваленне ўсіх палітычных вязняў і іх поўную рэабілітацыю.
Як паведамілі сайту charter97.org, Міклаш Харашці прыцягнуў увагу і да лёсу іншых палітвязняў, якія ўтрымліваюцца ў беларускіх турмах. «Як і шмат якія іншыя апаненты і актывісты, асуджаныя паводле палітычных матываў, у месцах пазбаўлення волі Бяляцкі зазнаў псіхалагічны і фізічны ціск і дысцыплінарныя пакаранні…» - адзначыў Міклаш Харашці.
Ён нагадаў, што на сёння ў такіх умовах у беларускіх турмах пакутуюць іншыя палітычныя зняволеныя, у тым ліку кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, які быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі нібыта за арганізацыю масавых пратэстаў.
Алесь Бяляцкі быў вызвалены 21 чэрвеня паводле амністыі, ён правёў у зняволенні 1.050 дзён. Лідэр ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і прысуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці за хаванне даходаў у асабліва вялікай суме.
Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у Бяляцкага замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не ўяўлялася магчымым, бо праваабарончы цэнтр "Вясна" працуе нелегальна - улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што шкода, якую нібыта прычыніў дзяржаве Бяляцкі, была цалкам сплачаная за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.
Праваабаронца, якога міжнародныя арганізацыі прызналі вязнем сумлення, адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №2 Бабруйска (Магілёўская вобласць). У 2012 годзе, а таксама 2013-м і 2014-м Бяляцкі вылучаўся прэтэндэнтам на Нобелеўскую прэмію міру.