2 траўня 2024, Чацвер, 14:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Археолагі знайшлі пад Менскам сярэднявечнае паселішча

3

Гісторыкі выявілі калекцыю посуду і фрагменты гаспадарчых пабудоў ля Менскай кальцавой аўтадарогі.

Пра гэта паведаміў намеснік дырэктара ў навуковай рабоце Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Лакіза, піша БелТА.

Паводле ягоных слоў, з пачатку чэрвеня на тэрыторыі будаўніцтва другой кальцавой аўтадарогі вакол Менска пачаліся выратавальныя археалагічныя даследаванні помнікаў археалогіі, якія трапілі ў зону земляных работ. Навуковец адзначыў, што ўжо выяўленая цікавая калекцыя посуду, металічных вырабаў, упрыгожванняў, манет, а таксама зафіксаваныя фрагменты гаспадарчых пабудоў.

Паселішча XVI-XVIII стагоддзя было выяўлена яшчэ ў 2010 годзе на стадыі праектавання аб'екта "Другая кальцавая аўтамабільная дарога вакол Менска на адцінку ад аўтамабільнай дарогі М-3 Менск-Віцебск да аўтамабільнай дарогі М-6/Е28 Менск-Гародня-мяжа Польшчы". Тады навукоўцамі была даследаваная ўся зона будучага будаўніцтва дарогі з мэтай выяўлення яшчэ не ўлічаных і вывучэння ўжо вядомых помнікаў археалогіі. "Для зручнасці тэрыторыя новабудоўлі была падзеленая на 6 надзелаў, кожны з якіх абследаваўся візуальна, праводзіліся пошукі і зборы артэфактаў, а для фіксацыі магутнасці культурных напластаванняў закладваліся шурфы. У выніку каля вёсак Гарошка, Шчарбіны, Векшыцы, Боўблі ды іншых былі выяўленыя новыя археалагічныя аб'екты эпохі сярэднявечча ", - сказаў Вадзім Лакіза.

Гісторык дадаў, што найбольш перспектыўным для размяшчэння старажытных паселішчаў сталася дзялянка будучай дарогі паміж вёскамі Саламарэчча і Суковічы, якая знаходзілася на ўзвышшы ўздоўж ракі Чарняўка каля лецішчаў Крыніца і Фізік. Менавіта тут, каля моста праз раку, побач з сельскай могілкамі і месцам былога размяшчэння Млына сёння даследуецца раскопкамі адно з іх - паселішча Крыніца-1-Млын. На тэрыторыі сярэднявечнага паселішча, часткова пашкоджанага землянымі работамі для будаўніцтва дарогі, закладзеныя раскопкі плошчай звыш 600 кв м. Праводзяцца зачысткі, нагляд і даследаванне пластоў з дапамогай металадэтэктараў.

У складзе комплекснай экспедыцыі не толькі археолагі, якія вывучаюць розныя храналагічныя перыяды гісторыі Беларусі, але і антраполагі, гісторыкі. Спецыяліст паведаміў, што побач з археалагічнымі раскопкамі размяшчаецца яшчэ адзін помнік - паселішча Боўблі. Бліжэйшым часам плануецца пачаць новыя раскопкі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках