2 траўня 2024, Чацвер, 8:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Французы сарвалі планы «Аль-Каіды» падарваць Эйфелеву вежу і Луўр

20
Французы сарвалі планы «Аль-Каіды» падарваць Эйфелеву вежу і Луўр

Ісламскія радыкалы планавалі ўчыніць серыю тэрактаў на тэрыторыі Францыі.

Тэрарысты збіраліся атакаваць знакавыя культурныя аб'екты і мерапрыемствы, такія як Эйфелева вежа і Луўр у Парыжы і Авіньёнскі тэатральны фестываль. Акрамя таго, планаваліся выбухі ў барах, на рынках і напады на паліцэйскіх, разглядалася магчымасць атакі на атамную электрастанцыю. Падазраваны ў падрыхтоўцы тэрактаў быў арыштаваны яшчэ год таму, аднак вядома пра гэта стала толькі 9 ліпеня - пасля таго, як французскі ўрад зрабіў шэраг захадаў, накіраваных на ўзмацненне барацьбы з тэрарызмам, піша Le Parisien.

У мінулым годзе французскай паліцыі ўдалося расшыфраваць перапіску паміж 29-гадовым мясніком алжырскага паходжання, бацькам двух дзяцей, які пражываў у горадзе Ваклюз на поўдні Францыі, і адным з высокапастаўленых прадстаўнікоў "Аль-Каіды" у краінах ісламскага Магрыба (AQIM) - фундаменталісцкай ісламскай групоўкай, якая месціцца ў Алжыры і адыгрывае ключавую ролю ва ўзброеным супрацьстаянні паміж афіцыйнымі ўладамі такіх краін, як Алжыр, Туніс, Малі і іншыя краіны паўночнай Афрыкі і ісламістамі, піша NEWSru.com.

Падазраваны, вядомы як Алі М., у красавіку 2013 года пад псеўданімам Абу Джаджы ўступіў у інтэрнэт-перапіску з прадстаўніком AQIM, які хаваўся за нікам Redouane18. Апошні папрасіў яго напісаць свае "прапановы для вядзення джыхаду ў гэтым месцы жыхарства".

Алі М. прапанаваў атакаваць атамныя станцыі, самалёты падчас узлёту, а таксама цэлы шэраг французскіх славутасцяў, уключаючы Эйфелеву вежу і Луўр. Калі гэтыя планы разладзіліся, ён прапанаваў атакаваць радавых гараджан, учыняючы тэракты ў начных клубах, на рынках і нападаючы на паліцэйскіх. Акрамя таго, ён прапанаваў нацэліцца на "культурныя мерапрыемствы на поўдні Францыі, дзе тысячы хрысціян збіраюцца на цэлы месяц" - празрысты ківок на тэатральны фестываль у Авіньёне.

"Усе асноўныя вуліцы ў гэты час забітыя людзьмі, і звычайнай гранатай можна параніць дзесяткі людзей, не кажучы ўжо пра міны-пасткі", - напісаў ён.

Тады яго кантактная асоба з AQIM прапанавала яму прыехаць у Алжыр у кампаніі будучага змоўніка, каб прайсці баявую падрыхтоўку. Пасля навучання яму трэба было вярнуцца ў Францыю, абраць аб'екты для нападу і "чакаць загадаў". Падазраваны пагадзіўся.

На гэтым этапе, у чэрвені 2013 года, паліцыя арыштавала алжырца - за месяц да меркаванага вылету ў Алжыр праз Туніс.

Адвакат Алі М. сцвярджае, што яму проста прамылі мазгі і што арышт стаў для яго палёгкай.

Пра гэта расследаванне стала вядома пасля таго, як 9 ліпеня міністр унутраных спраў Францыі Бэрнар Казнеў прапанаваў пакет жорсткіх мер, накіраваных на супрацьдзеянне тэрарызму. У іх ліку - забарона на падарожжа за мяжу асоб, якія падазраюцца ў сувязях з ісламістамі, на тэрмін да паўгода. Іх пашпарты прапануецца часова канфіскаваць і ануляваць, а таксама забараніць авіякампаніям прымаць іх на борт самалёта і абавязаць інфармаваць улады, Францыі аб факце замовы авіябілета на іх імя. Згодна з законапраектам, калі ім усё ж удасца выехаць за межы краіны, яны будуць неадкладна абвешчаныя ў міжнародны вышук.

Законапраект таксама прадугледжвае ўзмацненне жорсткасці мер супраць вярбоўкі ў Сеціве, у прыватнасці, патрабаванне да інтэрнэт-правайдэраў адсочваць і блакаваць сайты, якія заклікаюць да ўчынення тэрактаў, - цяпер такія меры дзейнічаюць у дачыненні да сайтаў з дзіцячай парнаграфіяй. Акрамя таго, закон дазволіць следчым легальна выкарыстоўваць псеўданімы і працаваць пад прыкрыццём на сайтах ісламістаў.

У новым законе прадугледжана адказнасць за планаванне тэрактаў і дапамогу радыкальным групоўкам у іх фармаванні.

Экспэрты адзначаюць, што справа Алі М. - зусім не адзінкавы выпадак. У апошні час праблема радыкалізацыі жыхароў Францыі прыняла пагрозлівыя маштабы. У траўні ў Марсэлі быў арыштаваны падазраваны ў расстрэле чатырох чалавек ля Габрэйскага цэнтра ў Брусэлі Мехдзі Немуш. У 29-гадовага Немуша былі канфіскаваныя аўтамат і відэазапіс з запісам злачынства. Паводле звестак следчых, раней неаднаразова судзімы ў Францыі Немуш пасля вызвалення з турмы адправіўся ў Сірыю, дзе больш за год ваяваў на баку баявікоў.

Усяго, паводле звестак французскіх уладаў, блізу 800 французаў так ці інакш бяруць удзел у канфлікце ў Сірыі на баку баявікоў. Лік еўрапейцаў, занятых у гэтым канфлікце, ідзе на тысячы.

Нядаўна сваю заклапочанасць гэтай акалічнасцю выказаў Барак Абама. "Мы ведаем, што некаторыя еўрапейцы едуць у Сірыю і ўдзельнічаюць там у баявых дзеяннях. Цяпер яны могуць з гэтай мэтай ехаць і ў Ірак. Затым яны вяртаюцца ў свае краіны. Бо ў іх ёсць еўрапейскія пашпарты, ім не патрэбная віза, каб патрапіць у ЗША", - распавёў Абама ў інтэрв'ю тэлеканалу ABC.

Нагадаем таксама, што ў пачатку ліпеня праз пагрозу тэрактаў на просьбу ЗША былі ўзмоцненыя меры бяспекі ў аэрапортах, якія адпраўляюць рэйсы ў гэтую краіну.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках