ЗША ўвялі новыя эканамічныя санкцыі супраць Расеі
89- 17.07.2014, 0:09
- 44,763
Найбуйнейшыя расейскія кампаніі патрапілі пад санкцыі ЗША.
Як вынікае са спісу, які апублікаваны на сайце міністэрства фінансаў ЗША, новыя санкцыі закранулі Знешэканомбанк, Газпромбанк, Новатэк, "Раснафту" і нафтавы тэрмінал ў Феадосіі.
Таксама ў спіс санкцый унесеныя ўлады самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік.
Як удакладняецца ў загадзе міністэрства, санкцыі таксама ўведзеныя ў дачыненні да прадпрыемстваў расейскага абаронна-прамысловага комплексу: карпарацыі "Алмаз-Антэй", канцэрна "Калашнікаў", НВА "Іжмаш", НВА "Базальт", "Уралвагонзавода" і КБ прыборабудавання.
Акрамя таго, санкцыі будуць дзейнічаць у дачыненні да шэрагу расейскіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў сілавых ведамстваў. У санкцыйны спіс увайшлі віцэ-спікер Дзярждумы РФ Сяргей Нявераў, памочнік прэзідэнта Ігар Шчогалеў і міністр у справах Крыму Алег Савельеў, начальнік 5-й службы аператыўнай інфармацыі і міжнародных сувязяў ФСБ генерал-палкоўнік Сяргей Бяседа.
У Маскве ўжо заявілі, што маюць намер распачаць крокі ў адказ на новыя санкцыі ЗША, якія, аднак, не будуць капіяваць дзеянні Вашынгтона, але будуць мець дрэнныя наступствы для Злучаных Штатаў.
"Мы асуджаем тых палітыкаў і чыноўнікаў, якія стаяць за такога кшталту дзеяннямі, і пацвярджаем намер прыняць меры, якія будуць успрынятыя ў Вашынгтоне досыць хваравіта і востра. Мы не гонімся за імгненным эфектам, не збіраемся капіяваць метады адміністрацыі ЗША, якія выклікаюць абурэнне, на правакацыі не паддаемся і дзейнічаем спакойна", - заявіў "Інтэрфаксу" намеснік кіраўніка МЗС РФ Сяргей Рабкоў.
"Але ў Вашынгтоне павінны разумець згубнасць такога кшталту прыёмаў не толькі для партнёрства з Расеяй, але і для забеспячэння замежных палітычных і замежных эканамічных інтарэсаў саміх ЗША", - падкрэсліў высокапастаўлены расейскі дыпламат.