ЕЗ абвясціў аб пашырэнні санкцый супраць Расеі
7- 17.07.2014, 9:25
- 11,410
Саміт ЕЗ таксама даручыў Еўракамісіі да канца ліпеня падрыхтаваць пашырэнне "чорнага спісу" расейскіх чыноўнікаў і кампаній.
Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай выніковай заяве саміта, паведамляе ПРАЙМ.
У гэты спіс увойдуць расейскія і ўкраінскія арганізацыі і фізічныя асобы, якія "матэрыяльна або фінансава падтрымлівалі дзеянні, якія падрываюць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны".
Саміт прыпыніў падпісанне новых фінансавых пагадненняў з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам (ЕІБ), а таксама паведаміў аб прыпыненні часткі еўрапейскіх праграм садзейнічання РФ.
Акрамя таго, саміт упаўнаважыў Еўракамісію і замежнапалітычную службу ЕЗ падрыхтаваць прапановы ў блакаванні замежных інвестыцый у эканоміку Крыму.
Нагадаем, 16 ліпеня ЗША зрабілі больш жорсткімі санкцыі супраць расейскіх кампаній і чыноўнікаў у сувязі з сітуацыяй вакол Украіны. У санкцыйны спіс міністэрства фінансаў ЗША ўвайшлі віцэ-спікер ніжняй палаты расейскага парламента Сяргей Нявераў, памочнік прэзідэнта Расеі Ігар Шчогалеў, федэральны міністр у справах Крыму Алег Савельеў і іншыя чыноўнікі. Санкцыі таксама закрануць шэраг расейскіх кампаній, у прыватнасці, кампаній Новатэк, Раснафта, банкаў ЗЭБ і Газпромбанк.