2 траўня 2024, Чацвер, 13:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За патрабаванне вярнуць Украіне Крым будзе пагражаць да 5 гадоў

34
За патрабаванне вярнуць Украіне Крым будзе пагражаць да 5 гадоў

Апошнімі днямі вясновай сэсіі Дзярждума паскорана прымае ўнесены ў траўні законапраект сэнатара Андрэя Клішаса.

Ён прапануе зрабіць больш жорсткім закон аб крымінальнай адказнасці за заклікі да сэпаратызму, які надоечы ўвайшоў у дзеянне, і павялічыць тэрмін за гэта злачынства з трох да чатырох гадоў, а сэпаратысцкія выказванні ў інтэрнэце прыраўняць да выступу ў СМІ і караць пяццю гадамі турмы. Экспэрты мяркуюць, што закон становіцца больш жорсткім з прычыны далучэння да Расеі Крыма, паведамляе РБК.

У сераду Дзярждума прыняла праект Клішаса ў першым чытанні. Профільны камітэт рэкамендаваў прыняць законапраект у другім чытанні (без паправак) і прапануе разгледзець яго ў другім і трэцім чытаннях 4 ліпеня.

Клішас, які павінен быў прадставіць дэпутатам свой законапраект, на пленарнае пасяджэнне ў сераду не прыйшоў. З дакладам выступіў першы намеснік старшыні камітэта заканадаўства адзінарос Віктар Пінскі. Паводле ягоных слоў, законапраект носіць "тэхнічны характар", бо санкцыі артыкула 280.1 КК (публічныя заклікі да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці) ўраўноўваюцца з санкцыямі артыкула 280 КК (публічныя заклікі да ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці).

"Мы ўхіляем канкурэнцыю нормаў у Крымінальным кодэксе", - растлумачыў дэпутат. Профільны камітэт у сваіх высновах на праект заўваг не выказаў, гэтак жа як і ўрад, і Вярхоўны суд.

Крымінальнае пакаранне за заклікі да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Расеі было ўведзенае ў канцы 2013 года з ініцыятывы дэпутатаў КПРФ. З'явіўся новы артыкул КК 280.1, якая ўвайшоў у дзеянне 9 траўня сёлета.

У дэпутатаў падчас разгляду праекта паўсталі пытанні да яго тэксту. Сяргей Іваноў ад ЛДПР і Іван Нікітчук ад КПРФ пацікавіліся ў Пінскага, хто будзе вызначаць, што ўважаць за такія заклікі. Ацэньваць публічнасць заклікаў будзе суд, адказаў першы намеснік старшыні камітэта.

"Вось мы цяпер падтрымліваем адлучэнне Луганска, Данецка ад Украіны. Ці не звязанае прыняцце гэтага закона вось с такой небяспекай, магчымасцю, якая здарылася ва Украіне?" - спытаў камуніст Уладзімір Фядоткін. "Не, не звязана", - адрэзаў Пінскі.

Лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі адзначыў, што "папраўка нібыта бяскрыўдная, але разам з тым мы даем зброю ў рукі некаторых следчых, якія могуць выкарыстоўваць новую рэдакцыю, ды і старую рэдакцыю для таго, каб распачынаць крымінальныя справы". За ініцыятыву Клішаса прагаласавалі 296 дэпутатаў, супраць - 86.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках