Расея забараняе пастаўкі ўкраінскага малака
20- 25.07.2014, 11:32
- 10,235
Расея з 28 ліпеня забараняе пастаўкі малака і малочнай прадукцыі Украіны.
Як паведаміла "Інтэрфаксу" крыніца ў Рассельгаснаглядзе, гэтая пастанова прынятая ў сувязі з неаднаразовымі парушэннямі расейскіх ветэрынарна-санітарных патрабаванняў. Размова, у прыватнасці, ідзе аб выяўленні антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы.
Акрамя таго, былі выяўленыя выпадкі, калі колькасць бактэрый у малочнай прадукцыі не адпавядала нормам. Часцей за ўсё гэта адбывалася з сухім малаком і сухой малочнай сыроваткай, з якіх выпрацоўваюцца сыры.
Са слоў крыніцы, забарона тычыцца ўсёй малочнай прадукцыі, уключаючы сыры. "Пастанова прынятая, украінскія калегі праінфармаваныя, бліжэйшым часам гэтая пастанова будзе фармалізаваная", - заявіў ён.
Цяпер у рэестры пастаўнікоў у РФ значацца 10 украінскіх прадпрыемстваў-пастаўнікоў сыру і іншай малочнай прадукцыі. Іншым прадпрыемствам (усяго ў спісе 27 пастаўнікоў) увоз прадукцыі ў РФ быў забаронены раней.