2 траўня 2024, Чацвер, 18:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Спікер» Андрэйчанка прыватызаваў апартаменты коштам $400 тысяч

49

Добра жывуць марыянеткавыя «дэпутаты».

Чатыры аднолькавыя дамы на вуліцы Піянерскай у Менску схаваныя ад вачэй мінчан сцяной забаўляльнага цэнтра, які належыць Юрыю Чыжу, піша «Наша Ніва».

Суседства з «Арэна-Сіці» наўрад ці па душы гаспадарам элітнага жылля. Купляючы свае кватэры, яны разлічвалі бачыць за вокнамі ззянне праспекта Пераможцаў, а не грузавікі, якія завозяць прадукцыю ў «Прастор».

Асаблівасць дамоў - закрытая па перыметры унутраная пляцоўка. Дзеці гуляюцца за невысокім плотам, ніхто чужы да іх не падбярэцца, хіба што праз падземны паркінг. Кожнаму гаспадару выдзелена месца на стаянцы, а некаторым і па два месцы.

Дамы з'явіліся ў канцы 2000-х, забудоўшчыкам быў «Трэст Прамбуд». Гэта кампанія, якая ў свой час паўстала ў цесным супрацоўніцтве з дзяржаўным «Менскбудам», але фармальна з'яўляецца закрытым акцыянерным грамадствам.

Галоўным праектам «Трэст Прамбуда» была забудова раёна Дразды катэджамі для лукашэнкаўскіх чыноўнікаў.

Генеральнаму дырэктару кампаніі Віктару Мазоўку і самому дазволілі пасяліцца сярод міністраў. Дамы на Піянерскай знаходзяцца як раз праз дарогу ад тых наменклатурных кварталаў.

Кватэрамі тут абзавяліся многія беларускія бізнесоўцы, а таксама спартсмены.

У 2008 годзе барысаўскі БАТЭ ўпершыню трапіў у Лігу чэмпіёнаў, а таму гульцы і трэнеры масава ўкладвалі атрыманыя прызавыя грошы ў нерухомасць.

Ніякіх ільготнікаў тут няма, гаспадары набывалі жыллё ў «Трэст Прамбуд» камерцыйнымі коштамі. Але цікавасць выклікае толькі некалькі кватэр.

Велізарная трохпакаёвая кватэра агульнай плошчай 114 м2 належыць Уладзіміру Андрэйчанку, які раней кіраваў Віцебскай вобласцю, але ўжо шосты год узначальвае «палату прадстаўнікоў».

Раз у чатыры гады, балатуючыся ў «парламент», Андрэйчанка публікуе сваю дэкларацыю аб даходах. Дык вось, у 2007 годзе, яшчэ ў статусе віцебскага губернатара, ён у сярэднім меў зарабляў $2100 за месяц. А ў 2011 годзе Андрэйчанка-спікер задэклараваў штомесячныя $2250.

Паводле звестак Нацыянальнага кадастравага агенцтва, сваю элітную кватэру Андрэйчанка... прыватызаваў! Яшчэ ў кастрычніку 2010 года.

У 1999 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 286 «Аб стварэнні спецыяльнага службовага жыллёвага фонду».

У ім быў складзены спіс чыноўнікаў, якія маглі прэтэндаваць на службовае жыллё на час працы ў дзяржаўных органах «у мэтах забеспячэння належных умоў для выканання імі службовых абавязкаў, забеспячэння іх бяспекі і аховы дзяржаўных сакрэтаў».

У рэспубліканскі спіс трапілі каля дваццаці пасад (ад прэзідэнта да старшыні Нацбанка), а таксама дэпутаты абедзвюх палат «парламента».

Андрэйчанка мог прэтэндаваць на такое службовае жыллё і калі кіраваў Віцебшчынай, і калі пераехаў у «парламент». Для дэпутатаў з рэгіёнаў у Менску выдзелены два дамы каля вуліцы Чырвонаармейскай на беразе Свіслачы. Але пасяліць «народных абраннікаў» маглі і ў любой іншай свабоднай службовай кватэры. Ці магла прыватызаваная кватэра Андрэйчанка быць «дэпутацкай»?

У законе «Аб прыватызацыі жыллёвага фонду», які дзейнічаў на тэрыторыі краіны з 1992 да 2013 гады (летась ён страціў сілу пасля з'яўлення Жыллёвага кодэкса), адназначна сказана:

- Жылыя памяшканні спецыяльнага службовага жыллёвага фонду не падлягаюць прыватызацыі.

Кошт - $400 тысяч

«Прыватызацыя» кватэры азначае, што раней яна была дзяржаўнай. Але адкуль узялася дзяржаўная кватэра ў прыватным доме?

Як тлумачаць юрысты, усе забудоўшчыкі перадаюць некалькі кватэр у пабудаваным доме муніцыпальным уладам. Гэтую нерухомасць звычайна прапануюць тым, чыё жыллё пайшло пад знос. Магчыма, кватэра Андрэйчанкі трапіла ў дзяржаўную ўласнасць менавіта праз такую схему. Але і ў такім выпадку «спікер» не мог прэтэндаваць на яе атрыманне.

У дакументах Нацыянальнага кадастравага агенцтва не ўдакладняецца, была прыватызацыя платнай ці бясплатнай.

Затое можна падлічыць сапраўдны прыблізны кошт жылля Андрэйчанкі. На продаж выстаўлены з дзясятак кватэр у гэтым і суседніх дамах. Квадратны метр у іх каштуе ад $2800 за голыя сцены да $5000 за дызайнерскі рамонт.

Нават калі ўзяць сярэднюю цану, то прыватызаваная трохпакаёвая Андрэйчанкі каштуе больш за $400 тысяч.

***

У лістападзе 2011 года Андрэйчанка атрымаў ад Мінгарвыканкама яшчэ і зямлю пад будаўніцтва катэджа ў Веснінцы, гэта блізу 1 км ад кватэры ў Драздах.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках