2 траўня 2024, Чацвер, 19:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амаль 3000 паломнікаў прыбылі ў Будслаў

7

4 ліпеня ў Будславе пачаліся ўрачыстасці, прысвечаныя цудатворнаму абразу Маці Божай Будслаўскай.

З 26 чэрвеня ў Будслаў ішлі пешыя пілігрымкі з розных гарадоў Беларусі. Так, дзевяць дзён правялі ў дарозе паломнікі з Баранавічаў, прайшоўшы за гэты час амаль 300 кіламетраў. Восем дзён ішлі ў Будслаў вернікі з Віцебска, паведамляе БелаПАН.

Разам з каталікамі Маладзечна ў пілігрымцы быў апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроці. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узяў удзел у веласіпеднай пілігрымцы. Да пешых вернікаў з Менска далучылася група ўкраінскіх каталікоў - восем чалавек. Разам з баранавіцкімі пілігрымамі да нацыянальнага санктуарыя ішлі каталікі з Расеі, у тым ліку восем чалавек з Масквы.

У Будслаў прыйшлі сем пілігрымак з Віцебскай дыяцэзіі, дзве - з Гарадзенскай, восем - з Менска-Магілёўскай, тры - з Пінскай. Самай масавай была Баранавічы-Будслаў - 419 чалавек. З Менска ішла таксама «посная» пілігрымка - 59 чалавек вандравалі чатыры дні на хлебе і вадзе. Усяго ў Будслаў прыбылі пешшу і на роварах 2 700 чалавек.

Увечары 4 ліпеня паломнікі сабраліся ў нацыянальным санктуарыі ў Будславе. Іх вітаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, Святую імшу вёў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

«У пілігрымку ішлі тыя, каго вяла вера, тыя, хто шукае веру, і тыя, хто проста ішоў з цікавасці. Але вы ўсе, хто дайшлі да Будслава, - пераможцы, вы перамаглі боль, спякоту. Гэта перамога духу», - адзначыў на імшы біскуп Алег Буткевіч. Урачыстасці ў Будславе праходзяць 4-5 ліпеня пад дэвізам «Марыя - узор малітвы». Штогод у вёску Мядзельскага раёна прыходзяць і прыязджаюць тысячы беларускіх і замежных каталікоў.

Фота: БелаПАН

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках