2 траўня 2024, Чацвер, 18:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лагвінец: Еўразвяз мог бы выкрасліць каго-небудзь са спісу не ўязных

9
Лагвінец: Еўразвяз мог бы выкрасліць каго-небудзь са спісу не ўязных

Палітолаг Алесь Лагвінец мяркуе, што Еўразвяз, не адмаўляючыся ад патрабавання вызвалення ўсіх палітвязняў, мог бы праявіць пэўную аператыўнасць і выкрасліць каго-небудзь са спісу не ўязных.

Ці сведчыць вызваленне Алеся Бяляцкага пра нейкія намеры беларускіх уладаў да аднаўлення дыялогу з Еўразвязам? Ці так моцна на сённяшні момант трэба і афіцыйнаму Менску і Брусэлю кардынальнае паляпшэнне стасункаў?

На гэтыя і іншыя пытанні ў інтэрв'ю журналісту «Радыё Свабода» адказваюць намеснік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец і палітолаг Уладзімір Мацкевіч.

- Ці можна назваць вызваленне Бяляцкага нейкім знакам, сігналам для Захаду аб гатоўнасці афіцыйнага Менска да нейкага паляпшэння стасункаў з Захадам?

Лагвінец: - Гэта адназначна крок пазітыўны, і зразумела, што гэты крок разглядаўся як сігнал для Еўразвяза, як спроба наладзіць дыялог. Натуральна, што ў Беларусі пастановы такога роду прымаюцца на самым высокім палітычным узроўні.

Сам Алесь Бяляцкі паведаміў, што не ведае, чаму яго вызвалілі, бо падстаў не было. Але ўлады вельмі хутка стварылі падставы для вызвалення, не чакаючы яго просьбы.

Мацкевіч: - Тут можна сказаць так: які дыялог, такія і крокі. Калі б вызваленне Бяляцкага сведчыла аб тым, што Менск робіць крокі насустрач Захаду, то гэта павінна было б так і падавацца. А вызваленне Бяляцкага падаецца як па амністыі і ніяк не звязана з пазіцыяй Еўропы. Больш за тое, паколькі патрабаванне Еўразвяза тычыцца вызвалення ўсіх палітвязняў, то вызваленне аднаго ніяк не з'яўляецца рашучым крокам насустрач дыялогу.

Але самае непрыемнае тое, што Захад, здаецца, гатовы задаволіцца такімі крокамі з боку Менска, і не імкнецца на сапраўды сур'ёзны дыялог з удзелам усёй грамадзянскай супольнасці Беларусі.

- А чаму так адбываецца? Можа, проста цяпер Брусэль адчувае, што афіцыйнаму Менску сёння не настолькі моцна і патрэбны дыялог з Захадам? Не так, як у 2010 годзе ...

Мацкевіч: - Менавіта так. Сёння Захад зразумеў, што вялікага жадання да дыялогу з боку беларускага рэжыму ён не дачакаецца. Таму і гатовы задаволіцца бачнасцю гэтага дыялогу.

З іншага боку, Захаду важна схіліць беларускі рэжым на тое, каб ён не далучыўся да Расеі ў дачыненні да ўкраінскага крызісу. Бо ў такім выпадку пазіцыя Расеі будзе значна больш моцнай, чым цяпер, і больш складанай для ўсіх удзельнікаў.

- Алесь Лагвінец, так наколькі патрэбнае стратэгічнае паляпшэнне адносін з Захадам афіцыйнаму Менску?

Лагвінец: - Кожная старана паказала, што гатовая аднавіць дыялог. Еўразвязу дыялог патрэбны, бо толькі ў рамках дыялогу ён можа ўплываць на ўрады суседніх дзяржаў. Для ЕЗ таксама важна, каб тыя прынцыпы, на якіх ён будуецца, выконваліся і ў суседніх краінах.

Уладам Беларусі сёння дыялог з Еўропай, магчыма, патрэбен больш, чым раней, бо яны асцерагаюцца агрэсіўнай палітыкі Расеі, баяцца застацца зусім безабароннымі перад Расеяй. Таму на ўзроўні жэстаў гэта даволі важная падзея - вызваленне Алеся Бяляцкага. І натуральна, што Менск чакае нейкіх крокаў у адказ ад Брусэля. Бо на сёння Беларусь мае нават лепшыя стасункі з краінамі Еўразвяза, чым Расея. І Лукашэнка хацеў бы на гэтым зарабіць.

- Аднак, адназначнай умовай Еўразвяза для вяртання да дыялогу застаецца вызваленне ўсіх палітвязняў. Можа Менск ужо цяпер пачаць патрабаваць нейкіх крокаў у адказ на вызваленне Бяляцкага?

Лагвінец: - Беларускія ўлады моцна не спадзяюцца на нейкія істотныя крокі ў адказ з боку Еўразвяза. Як, напрыклад, нядаўна заявіў Уладзімір Макей, што Еўропа будзе выстаўляць усё новыя ўмовы. І гэта даказвае, што Менск на шмат не спадзяецца.

Але відавочна, беларускія ўлады хацелі б, каб Еўразвяз змякчыў сваю пазіцыю, каб размова аб палітычных правах стала б меней важнай на парадку дня. І тут мне здаецца, што Еўразвяз, не адмаўляючыся ад патрабавання вызвалення ўсіх палітвязняў (яно павінна быць у парадку дня, і гэта, дарэчы, пацвердзіў Еўракамісар Штэфан Фюле падчас сустрэчы з Алесем Бяляцкім), мог бы праявіць пэўную аператыўнасць і выкрасліць каго-небудзь са спісу не ўязных. Але, нягледзячы на тое, як павольна прымаюцца пастановы ў Брусэлі, магчыма, трэба чакаць восені, каб такая пастанова была прынятая.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках