Нямцоў - расейскім жаўнерам: Вы паміраеце за Пуціна, Цімчанку і Ратэнберга
16- 29.08.2014, 17:08
- 30,079
Барыс Нямцоў звярнуўся да расейскіх вайскоўцаў, заклікаўшы іх не ваяваць супраць Украіны.
Яго зварот размешчаны на сайце "Эхо Москвы".
Барыс Нямцоў адзначыў, што ў кожны момант іх могуць паслаць (а некаторых ужо адправілі) ваяваць з Украінай. "Пуцін, як Вярхоўны галоўнакамандуючы, выдатна ведае, што ўдзел узброеных сілаў у баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны незаконны. У яго няма мандата на вайну, няма дазволу Савета Федэрацыі на прымяненне ВС за мяжой", - напісаў Нямцоў.
Менавіта таму расейскія вайскоўцы ваююць без знакаў адрознення, а на баявых машынах замазаныя апазнавальныя знакі, адзначыў палітык.
"Ён хлусіць, што вы заблукалі, апынуўшыся ў Луганскай і Данецкай абласцях. Менавіта таму вашых таварышаў з 76 дывізіі ПДВ Леаніда Кічаткіна і Аляксандра Осіпава таемна хаваюць на Пскоўскай могілках, а іх сваякоў палохаюць, што калі яны раскажуць праўду, то застануцца без дапамог", - заявіў Нямцоў.
Палітык нагадаў, што ўдзел расейскіх вайскоўцаў у вайне незаконны, таму яны і іх сваякі бяспраўныя. "Пуцін і камандзіры ад вас адмовяцца ў любую секунду, скажуць, што яны вас на вайну не пасылалі, а сваякі ніколі не знойдуць праўды, калі з вамі нешта здарыцца. Вы давалі прысягу абараняць Радзіму ад ворагаў, а не ваяваць з брацкім, праваслаўным украінскім народам, - напісаў палітык. - Вайна з Украінай - злачынства, у якога няма тэрміну даўнасці. Гэтая вайна на руку ворагам Расеі. Гэта не ваша вайна. Гэта не наша вайна. Гэта вайна Пуціна за сваю ўладу і грошы. Гэта вайна яго сяброў-мільярдэраў Ратэнберга, Цімчанкі, Якуніна за іх узбагачэнне. Памятаеце, вы ваюеце і паміраеце за іх, а не за Расею".