Алег Волчак: Справы выкрадзеных палітыкаў зацягваюць наўмысна
5- 16.09.2014, 15:26
- 9,345
Гэта робіцца для таго, каб сваякі не маглі азнаёміцца з матэрыяламі справы.
16 верасня ў Менску прайшла сумесная прэс-канферэнцыя «Беларускага дакументацыйнага цэнтра», які ўзначальвае Раіса Міхайлоўская і праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву», які ўзначальвае Алег Волчак. Праваабаронца распавёў рэдакцыі сайта charter97.org аб тым, да якіх высноваў прыйшлі праваабаронцы за гэтыя 15 гадоў пошукаў выкрадзеных паводле палітычных матываў нявінных людзей, а таксама падзяліўся інфармацыяй аб далейшых кроках, неабходных для таго, каб родныя нарэшце дамагліся праўды, а вінаватыя былі пакараныя.
- Сёння мы падвялі вынік 15-гадовай працы нашага грамадскага расследавання і прыйшлі да высновы, што папярэдняе следства павінна быць спынена 7 траўня 2014 года ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам крымінальна-працэсуальнага кодэкса, таму скончыўся тэрмін даўнасці прыцягнення да адказнасці асоб за гэтае злачынства. У адпаведнасці з 83 артыкулам КК, у катэгорыі цяжкіх злачынстваў тэрмін даўнасці надыходзіць пасля сканчэння 15 гадоў з моманту ўчынення злачынства. Наўмыснае забойства, 101 артыкул, - гэта цяжкае злачынства. З 7 траўня 1999 года - дня выкрадання Юрыя Захаранкі, справай якога мы займаліся - адлічваецца 15-гадовы тэрмін. Пасля кансультацый з экспэртамі з суда і пракуратуры, мы прыйшлі да высновы, што тэрмін даўнасці ў справе ідзе незалежна ад таго, калі яна была распачатая. Гэта ў законе дакладна прапісана.
Нейкімі дзіўнымі абставінамі справа падаўжаецца. І ў нас узніклі сумневы аб незаконнасці падаўжэння папярэдняга расследавання. Цяпер мы вызначылі, што мы ўсё ж такі напішам хадайніцтва, каб справу спынілі і далі магчымасць з ёй азнаёміцца.
- З чым можа быць звязанае такое зацягванне справы ўладамі? Ці не супрацьзаконна гэта?
- Не выключана, што гэта зацягванне робіцца наўмысна, каб сваякі не маглі азнаёміцца з матэрыяламі справы. Бо, як вы разумееце, мы можам справу і абскарджваць, і накіраваць у суд, і надаць факты агалосцы. Мы не выключаем, што Следчы камітэт, які цяпер гэту справу расследуе, будзе момант прыняцця фінальнай пастановы зацягваць.
- Ці была нейкая рэальная актыўнасць пошукавых органаў на працягу мінулых гадоў?
- За гэтыя 15 гадоў ніякай актыўнасці як следчых органаў, так і аператыўных органаў не было. Аператыўныя органы - гэта органы ўнутраных спраў, і яны павінны штогод праводзіць апытанне сваякоў, блізкіх, сяброў, даваць нейкую інфармацыю аб вышуку зніклых у СМІ. Але ніякай такой працы не праводзілася. Мы прыйшлі да высновы, што гэтая дзейнасць была фармальнай.
- Ці прыйшлося сутыкацца з якімі-небудзь цяжкасцямі на працягу грамадзянскага працэсу?
- У нас праблема з грамадзянскім працэсам і з грамадзянскай справай у прызнанні Юрыя Захаранкі памерлым. Шмат невыразнасцей і таямніц. 20 ліпеня намі быў накіраваны зварот да старшыні Кастрычніцкага суда з просьбай растлумачыць, чаму за 12 гадоў справу не аднавілі - тады яна была прыпыненая - і не прызналі Юрыя Захаранку памерлым. Я асабіста меў стасункі са старшынёй суда: яна запэўніла, што адказ адаслалі сям'і Захаранкі ў Нямеччыну і там усё распісана. Аднак я сёння звязваўся са сваякамі Юрыя Захаранкі - яны кажуць, што яшчэ нічога не атрымлівалі. Атрымліваецца, што ў таямніцы ўтрымліваюць як папярэдняе расследаванне, так і грамадзянскую справу.
- Ці былі задзейнічаныя міжнародныя механізмы для прыцягнення ўвагі да справы выкрадзеных паводле палітычных матываў людзей у Беларусі?
- За 15 гадоў мы распачалі справу ў працоўнай групе па недобраахвотных знікненнях пры Камітэце правоў чалавека, яны працягваюць расследаваць гэтую справу. Дакладней, не расследаваць, а збіраць інфармацыю ад грамадскіх арганізацый і ад урада. Таксама пададзеная скарга, падрыхтаваная Беларускім дакументацыйным цэнтрам у справе Захаранкі ў КПЧ. Аб неаб'ектыўнасці правядзення расследавання, што былі катаванні, гвалт і гэтак далей.
- Ці верыце вы ў тое, што сваякі і грамадскасць у выніку даб'юцца праўды і пакарання вінаватых?
- Мы мркуем, што як бы ні склалася сітуацыя, гэта справа проста так не знікне і дойдзе да грамадскасці. Усякай уладзе прыйдзецца даваць справаздачу ўсё роўна, бо ёсць тры міжнародныя арганізацыі, якія абавязваюць дзяржаву даць справаздачу і падаць сваю пазіцыю паводле гэтай справы. Гэта рабочая група ў недобраахвотных знікненнях у правах чалавека пры ААН, Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы і АБСЕ.
Што да Беларусі тады рабіў даклад Пургурыдэс у 2004 годзе і прымалася рэзалюцыя, каб Беларусь дала справаздачу аб праведзенай працы. Адзінае «але» - мы ў Раду Еўропы не ўваходзім, але Рэспубліка Беларусь тады пайшла на супрацоўніцтва з дэпутатам Хрыстасам Пургурыдэсам, і, такім чынам, Беларусі рэкамендуецца даць гэтую інфармацыю.
Вядома, нармальная краіна, якая змагаецца за рэпутацыю ў выпадку, калі ў краіне нешта адбылося, павінна без напамінання ўсё гэта рабіць. Але юрыдычных механізмаў прымусіць беларускую краіну, каб яны далі справаздачу, вядома, няма. Таму, мы ведаем, што ніякіх справаздач аб зробленай працы, шырокіх даведак – не будзе. Акрамя каментарыяў самога Лукашэнкі: то яны самі ўцяклі, то ён згадваў крымінальныя разборкі.
- Як вы мяркуеце, ці дастаткова ўвагі надаецца праблеме знікнення ў Беларусі? Бо ўлада засталася тая ж, а значыць, пагроза выйсці з дому і не вярнуцца вісіць над кожным чалавекам з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
- За 15 гадоў не было ніводнай прэс-канферэнцыі што да зніклых асоб, каб патлумачыць людзям, хто падазраваўся і якія расследаваліся версіі. Следства можа даць вынік і надаць яго агалосцы толькі пасля палітычнай волі кіраўніцтва краіны. Калі такой волі няма, то мы па- ранейшаму нічога не ведаем. Вядома, беларускім апазіцыйным палітыкам варта больш актыўна гаварыць не толькі пра палітвязняў, але і яшчэ старацца, каб тэма зніклых не забывалася. Калі палітвязні заўтра выходзяць на свабоду і сустракаюцца са сваякамі, жэняцца, у іх з'яўляюцца дзеці, дзякуй Богу, здаровыя, то ўяўляеце, якое сем'ям зніклых? 15 гадоў - колькі пакут, катаргі ў чаканні гэтага працэсу.
Нагадаем, 15 гадоў таму выкралі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Аналіз сабраных у справе доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі. Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць мяркуюць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя паводле палітычных матываў, і падазраюць у дачыненні да іх выкрадання вышэйшых службовых асобаў краіны. У гэтым годзе мінае тэрмін даўніны ў расследаванні крымінальных спраў зніклых беларускіх апазіцыянераў.