Юры Рубцоў прыйшоў у суд у футболцы «Лукашэнка, сыходзь»
30- 16.09.2014, 18:40
- 28,532
У судзе над гомельскім апазіцыянерам абвешчаны перапынак да 10 гадзін 6 кастрычніка.
У Цэнтральным судзе Менску сёння пачаўся працэс над актывістам Юрыем Рубцовым, які, паводле следства, 28 красавіка абразіў суддзю Савецкага суда Кірыла Палулеха, назваўшы яго «падонкам». Судзіць Рубцова суддзя Наталля Вайцяховіч. Працэс пачаўся з таго, што Юры Рубцоў заявіў адвод суддзі, але гэтае хадайніцтва не было задаволенае, перадае «Радыё Свабода».
Сёння падчас паседжання суддзя апытаў Юрыя Рубцова, пацярпелага суддзю Кірыла Палулеха, а таксама чатырох сведак.
Рубцоў адмаўляе сваю віну. Ён кажа, што на мінулым працэсе крытычна выказаўся ў адрас ўсёй судовай сістэмы: паколькі ўсе суддзі залежныя, працуюць паводле кантракту, выносяць несправядлівыя прысуды і «яны ўсё падонкі».
А суддзя Палулех сказаў, што гэтае слова было выказанае на ягоны адрас, а таксама - што Рубцоў яму пагражаў: маўляў, калі выйдзе, то знойдзе і разбярэцца.
Рубцоў сцвярджае, што сказаў толькі, што калі вызваліцца, то застанецца сумленным чалавекам, а суддзя, які вынесе незаконную пастанову, адкажа перад законам.
На сённяшнім пасяджэнні выступілі 4 сведкі - тры супрацоўнікі міліцыі і сакратарка суда.
Амапаўцы Шарко і Андрэй Белы, міліцыянт Павел Нелюбовіч і сакратарка Дар'я Стасюк пацвердзілі словы суддзі Палулеха, што Рубцоў абразіў суддзю.
Рубцоў кажа, што ўсе іх сведчанні падобныя і напісаны пад капірку, і паколькі суддзя Кірыл Палулех зрабіў першы працэс закрытым, то потым яны падрабілі пратакол і там напісалі, што ён абразіў суддзю, хоць выказваўся ён у адрас ўсёй судовай сістэмы.
Фота: nn.by