На незалежнага журналіста завялі справу за «працу без акрэдытацыі»
- 17.09.2014, 16:08
- 8,879
Пераслед журналістаў у Беларусі не спыняюцца, нягледзячы на візіт прадстаўніцы АБСЕ.
Са слоў міліцыянтаў, супраць Віталя Сямашкі была распачатая адміністрацыйная справа паводле артыкула 22.9 за парушэнне заканадаўства аб СМІ (працу без акрэдытацыі на замежнае выданне).
Цікава, што сваім паведамленнем міліцыянты праінфармавалі журналіста, што справа супраць Сямашкі ўжо спыненая ў сувязі з заканчэннем тэрміну прыцягнення да адказнасці - з часу падзей прайшло ўжо больш за два месяцы.
Сам за журналіст упэўнены, што за адміністрацыйнай справай стаіць упраўленне КДБ Гарадзенскай вобласці, якое, на думку Віталя Сямашкі, апошнім часам вельмі пільна маніторыць сайт «Радыё Рацыя» і спрабуе прыцягнуць да адказнасці журналістаў.
У гэтым годзе ў траўні падобная справа была распачатая ў дачыненні да яшчэ аднаго гарадзенскага журналіста Андрэя Мялешкі. Тады міліцыянты апыталі людзей, што фігуравалі ў матэрыяле карэспандэнта, у выніку чаго і быў складзены пратакол.
«У маім выпадку сітуацыя паўтарылася на 100% - адразу пасля публікацыі да герояў матэрыялаў прыйшоў супрацоўнік КДБ, які запатрабаваў назваць аўтара матэрыялу і абставіны маёй працы», - распавёў прэс-службе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Віталь Сямашка.
Нагадаем, што складанне адміністрацыйных пратаколаў супраць журналістаў, якія нібыта працуюць без акрэдытацыі на замежныя СМІ, набывае характар сапраўднай кампаніі.
Так на працягу лета і пачатку восені ўжо супраць сямі беларускіх журналістаў міліцыяй былі распачатыя адміністрацыйныя справы за нібыта парушэнне парадку вырабу прадукцыі СМІ - працу без акрэдытацыі.
У той жа час усе міжнародныя журналісцкія арганізацыі заклікаюць улады Беларусі адмяніць анахранічны парадак акрэдытацыі, які парушае права на доступ да інфармацыі. Прадстаўніца АБСЕ ў свабодзе СМІ Дуня Міятавіч падчас свайго афіцыйнага візіту ў Менск 15-16 верасня 2014 таксама акцэнтавала ўвагу на неабходнасці адмяніць абавязковую акрэдытацыю журналістаў.