Валерый Гелетэй: Спраўдзіць, ці выкарыстоўвалася ядзерная зброя ў Данбасе, нельга
15- 20.09.2014, 21:20
- 32,662
Пакуль вядома толькі тое, што ў часе штурму Луганскага аэрапорта расейскія войскі ўжывалі мінамёты 2С4 «Цюльпан».
Міністр абароны Украіны Валерый Гелетэй на старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» пракамэнтаваў сваю заяву аб магчымым выкарыстанні ядзернай зброі ў Данбасе.
Са слоў кіраўніка Мінабароны, пра гэта, у прыватнасці, могуць сведчыць значныя разбурэнні і пашкоджанні будынкаў ды інфраструктуры аэрадрома. «Як вядома, на сённяшні дзень Расея фактычна выкарыстоўвае ўкраінскую тэрыторыю як выпрабавальны палігон для тэставання новых узораў зброі. Ці не на тое, каб выпрабаваць гэта зброю на ўсходзе Украіны, расейцы пераправілі самаходныя мінамёты 2С4 на нашу тэрыторыю?"- адзначыў міністр.
Валерый Гелетэй растлумачыў, што ягоная нядаўняя заява наконт магчымага ўжывання расейскімі войскамі ядзерных боепрыпасаў супраць сіл АТА была звязаная з наяўнай на той момант інфармацыяй аб тым, што Расея завезла на тэрыторыю Луганскай вобласці і выкарыстоўвае супраць украінскіх вайскоўцаў самаходныя мінамёты 2С4 «Цюльпан».
«Асаблівасцю гэтай магутнай зброі з'яўляецца тое, што акрамя фугасных і актыўна-рэактыўных мін, самаходны мінамёт можа весці агонь звышмалымі ядзернымі боепрыпасамі магутнасцю менш за 1 кт», - растлумачыў Гелетэй. Пры гэтым кіраўнік Мінабароны падкрэсліў: «Спраўдзіць, ці ўжываліся ядзерныя або іншыя невядомыя нам боепрыпасы аб'ёмнага дзеяння, могуць толькі адпаведныя спецыялісты, на ўзбраенні якіх ёсць спецыяльнае абсталяванне, што дазволіць, у прыватнасці, праверыць радыяцыйны фон мясцовасці. На вялікі жаль, цяпер мы не можам гэтага зрабіць, бо Луганскі аэрапорт цяперака кантралююць тэрарысты і расейскія вайскоўцы».