Віктару Івашкевічу споўнілася б 55 гадоў
4- 21.09.2014, 15:33
- 8,509
Віктар Івашкевіч нарадзіўся 21 верасня 1959 года ў Менску.
Ён быў актыўным удзельнікам моладзевых нефармальных аб'яднанняў нацыянальна-дэмакратычнага кірунку - «Майстроўня» і «Талака» яшчэ падчас існавання СССР. Віктар Івашкевіч з'яўляўся адным з найбольш таленавітых арганізатараў розных акцый і мерапрыемстваў, у тым ліку, маршу пратэсту па Заходняй Дзвіне-Даўгаве супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС, экалагічнага маршу па Прыпяці - адной з першых чарнобыльскіх акцый пратэсту, страйку кіроўцаў гарадскіх аўтобусаў у Менску; ініцыятарам стварэння стачкамаў на менскіх прадпрыемствах.
З моманту ўтварэння камітэта ў стварэнні Беларускага Народнага Фронту ў 1988 годзе быў яго актывістам. Віктар Івашкевіч заставаўся сакратаром Управы БНФ да 1996 года. Палітык выступаў у якасці арганізатара найбуйнейшых масавых акцый пратэсту.
З 1997 года Віктар Івашкевіч быў галоўным рэдактарам газеты «Рабочы», з 1999 года - віцэ-прэзідэнтам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. У 2002 годзе палітык быў прысуджаны да двух гадоў «хіміі» за артыкул «Злодзей павінен сядзець у турме», якая прысвячалася Лукашэнку.
Браў актыўны ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2010 года, з'яўляючыся чальцом каманды Андрэя Саннікава.
Віктар Івашкевіч неаднаразова падвяргаўся адміністрацыйным пакаранням, двойчы трымаў галадоўку.
Палітык памёр 3 кастрычніка мінулага года ў адной з лякарняў Менска.