Беларускія дарогі пакінуць бясплатнымі для легкавых аўто
15- 22.09.2014, 9:49
- 11,400
У Беларусі не разглядаецца пытанне ўвядзення збору за праезд па платным дарогам для легкавых аўтамабіляў.
Пра гэта напярэдадні ў праграме «Галоўны эфір» на канале «Беларусь 1» паведаміў намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка, паведамляе БелТА.
На гэты момант у Беларусі 1189 км платных дарог. У далейшым пры правядзенні рэканструкцыі гэтая лічба будзе расці. У бліжэйшай перспектыве платным стане ўчастак аўтамабільнай дарогі М5 - ад Жлобіна да Гомеля.
Аляксей Аўраменка распавёў, што налета ў Беларусі на фінансаванне дарожнай гаспадаркі будзе выдзелена Br11,2 трлн, або 140% да ўзроўню 2014 года. «Будзе актыўна распачатае будаўніцтва асноўных найважнейшых аб'ектаў. Гэта ў першую чаргу другая кальцавая дарога вакол Менска на ўчастку ад аўтадарогі М3 Менск-Віцебск да М6 Менск-Гародня», - праінфармаваў ён.
Намеснік міністра таксама нагадаў, што Беларусь да канца года можа атрымаць ад Сусветнага банка $250 млн на рэканструкцыю аўтадарогі М6. Як адзначыў Аляксей Аўраменка, СБ прапануе самыя лепшыя ўмовы паводле ставак. «У снежні плануецца, што банк прыме пастанову аб выдзяленні гэтага крэдыту», - сказаў прадстаўнік Мінтранса, дадаўшы, што ў далейшым бакі будуць абмяркоўваць пытанне павелічэння гэтай сумы.