5 лiстапада 2024, aўторак, 15:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лёс дырэктара: абяцалі пасаду міністра, а дадуць тэрмін

53
Лёс дырэктара: абяцалі пасаду міністра, а дадуць тэрмін

Пачаўся суд над былым гендырэктарам «Барысаўдэва» Уладзімірам Мальцавым.

Чыноўнік абвінавачваецца ў зрыве тэрмінаў мадэрнізацыі. «Яго абавязкова пасадзяць», - мяркуе экспэрт.

У Менскім абласным судзе пачынаецца разгляд крымінальнай справы паводле абвінавачвання былога гендырэктара ААТ «Барысаўдрэў» Уладзіміра Мальцава ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 424 КК. Ён абвінавачваецца ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі падчас выканання дзяржаўнай праграмы мадэрнізацыі прадпрыемства, якія пацягнулі цяжкія наступствы ў выглядзе прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры на суму звыш 18 мільярдаў рублёў, а таксама істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам у выглядзе зрыву тэрмінаў рэалізацыі дзяржаўнай праграмы мадэрнізацыі ААТ «Барысаўдрэў».

Уладзіміру Мальцаву, які знаходзіцца пад вартай з 13 сакавіка, пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.

Вясёлкавыя гарызонты

Яшчэ два гады таму перад Уладзімірам Мальцавым вымалёўваліся цалкам іншыя перспектывы. У лістападзе 2012 года Лукашэнка ўпершыню наведаў «Барысаўдрэў» і даручыў завяршыць мадэрнізацыю прадпрыемства: «7 лістапада будучага года тут павінна быць «цукерка».

Па «Барысаўдрэву» дыктатар хадзіў разам з маладым дырэктарам і, раздаючы ўказанні, выказваў яму сімпатыю: «Я ж разумею, што яму сёння не лёгка з гэтай дэмакратыяй. Ён прыйшоў - п'янкі пастаянныя тут», «Дырэктары вінаваціць не варта, ён тут адносна нядаўна, прыйшоў з сістэмы ваенпрама».

Лукашэнка нават намаляваў Уладзіміру Мальцаву вясёлкавыя перспектывы: «Я вельмі спадзяюся, што ў цябе пачынаецца новае жыццё наогул. Што 7 лістапада я прыеду і скажу: ні міністра сюды пасылаць, а ўзяць гэтага дырэктара і паставіць міністрам».

Прыехаўшы праз год, правадыр зладзіў ледзь не самы гучны разнос у сваёй кар'еры.

За правалы і зрыў тэрмінаў мадэрнізацыі сваіх пасадаў пазбавіліся старшыня Менскага аблвыканкама Барыс Батура і намеснік кіраўніка адміністрацыі Андрэй Тур, у адстаўку быў адпраўлены кіраўнік канцэрна «Беллеспаперапрам» Аляксандр Пераслаўцаў.

Тэрыторыя вакол прадпрыемства была прыбраная толькі часткова. Звяртаючыся да Уладзіміра Мальцава, Лукашэнка быў раз'юшаны: «Я цябе тут паставіў і сказаў навесці ідэальны парадак. Чаму ты не навёў?». Глядзець на гендырэктара было страшна.

Трэба адзначыць, намесніца гендырэктара «Барысаўдрэва» Наталля Злобіч потым дзівілася ў размове з журналістамі: «Такая моцная крыўда была ад таго, што ніхто не ўбачыў, што мы зрабілі добрага. Вось тут год таму быў суцэльны сметнік. Хіба можна было, ведаючы пра гэта, сказаць, што мы наогул нічога не зрабілі? Што тычыцца бруду, то хіба можа быць па-іншаму? Гэта ж будоўля!..Ён (дырэктар) тут усяго паўтара года, узяўся за такое, за што не браўся ніхто. Дзякуй, што ён наогул узяўся за гэта!»

Уладзіміра Мальцава пасля прыезду Лукашэнкі з пасады не знялі. Але дыктатар даў даручэнне распачаць крымінальныя справы паводле фактаў парушэнняў і прыцягнуць да адказнасці вінаватых. Указанне было выкананае. У сакавіку 2014-га Уладзіміра Мальцава ўзялі пад варту.

«Яго абавязкова пасадзяць»

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка не сумняваецца ў тым, што былы гендырэктар «Барысаўдрэва» атрымае тэрмін.

- Яго абавязкова пасадзяць. Бо ёсць указанне прэзідэнта. Паказальнае пакаранне начальнікаў - адзін з метадаў аўтарытарнай улады. Тым больш ёсць важкая падстава: грошы былі выдаткаваныя няўмела, - адзначае экспэрт.

Але, на думку Леаніда Заікі, прычына правалу мадэрнізацыі прадпрыемства крыецца не толькі ў асобе былога дырэктара.

- Калі б прадпрыемства было па-сапраўднаму прыватным, то яго гаспадар лішніх грошай не браў бы, не залазіў бы ў кішэню дзяржаве. Ён бы дзейнічаў акуратна, звальняў лішнюю працоўную сілу, некваліфікаваных спецыялістаў, ліквідаваў бы выдаткі вытворчасці і выпускаў канкурэнтаздольную прадукцыю, - мяркуе экспэрт.

Леанід Заіка адзначае, што да гаротнага стану дрэваапрацоўчай галіны прывялі, у тым ліку, і дзеянні ўрада і прэзідэнта.

- У 90-х гадах беларуская мэбля рэкламавалася ў Расеі нароўні з фінскай і нямецкай і атаясамлівалася з імі па якасці. Галіна была ўдарнай і зарабляла валюту. Але потым усё рухнула. Беларускія дырэктары плакалі: дзяржава ў нас усе грошы забірае, абдзіраў як ліпку. Цяпер улады спахапіліся і знайшлі казлоў адпушчэння.

Экспэрт здзіўляецца дзеяннямі Уладзіміра Мальцава, які чакаў разносу ад Лукашэнкі.

- А чаго ён чакаў? Падаў бы ў адстаўку і ўсё было б нармальна. Чаму яны ўсе, дырэктары і міністры, сядзяць і чакаюць? У іх ёсць выбар. Я ведаю шмат хлопцаў з прамысловага сектара, якія сышлі з чынавенскіх пасад і сказалі: не магу я так працаваць, - заявіў ён.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках