Майра Мора яднае беларусаў
15- Уладзімір Халіп
- 30.09.2014, 16:14
- 18,143
Пасля Плошчы 2010 года на Беларусь абрынулася цемра. Дыктатура азвярэла. Больш за сем соцен кінутых у вязніцы.
Не злічыць збітых, скалечаных, утаптаных у крывавы снег. Атака спецназу – гэта не жарты. Родныя і блізкія доўга шукалі па шпіталях, пастарунках і нават моргах тых, хто пайшоў бараніць свае правы і не вярнуўся. Не мог вярнуцца, бо стаў закладнікам рэжыму.
А тыя, хто ў гэты час быў па-за межамі краіны, абівалі парогі афіцыйных ды праваабарончых устаноў. Дапамажыце, абараніце ні ў чым не вінаватых людзей. Калі не можаце зрабіць штосьці рэальнае, дык хоць адгукніцеся. Выкажыцеся наконт гэтых гвалтаўнікоў, якія ўладу здабываюць з дапамогай спецпадраздзяленняў.
Адгукнуліся. Але далёка не ўсе. Зацёртыя, невыразныя словы. Ад якіх нікому ні горача, ні халодна. І толькі адзін з брусэльскіх чыноўнікаў дазволіў сабе шчырасць: «Як нам надакучылі гэтыя беларускія праблемы!»
Далейшая рэакцыя афіцыйных асоб Еўразвязу толькі пацвердзіла абгрунтаванасць гэтых словаў. Не, ніякі Фрэйд і побач не стаяў. Агаворак не было. Чыноўнік добра ведаў пазіцыю свайго кіраўніцтва. Прагматызм, абсалютны прагматызм. Праблемы беларусаў – гэта праблемы іх апазіцыі. А гандаль, няхай сабе і з дыктатарам, - выгодная рэч.
І тыя санкцыі, якія супраць дыктатара і ягоных чаляднікаў былі ў выніку прынятыя, вельмі яго пацешылі. Дваццаць год ён бесклапотна пануе ў цэнтры Еўропы і глуміцца над яе філісцерскай далікатнасцю. І ведае, што ўсё тут яму на карысць. А на самы горшы расклад падзей у яго заўсёды пад рукой спецназ.
Але ўсе гэтыя блытаныя стасункі тупіковага прагматызму – нікчымная дробязь у параўнанні з тым, што адбылося на сыходзе тыдня. На афіцыйным тэлеэкране з’явілася раптам спадарыня Майра Мора, якая ачольвае прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі. У прапагандысцкім ток-шоу «Дело принципа». І агаломшыла краіну нечаканым заклікам: «Белорусы, вы мирные люди, поддерживайте своего президента, чтобы в соседней вашей стране не было войны больше».
Спадарыня Майра Мора хіба не ведае, што Еўразвяз, які яна прадстаўляе, вынікі тых выбараў не прызнаў? Прэзідэнцкі тэрмін, які здабываецца з дапамогай сілавікоў, нават у далёкіх джунглях выклікае шмат пытанняў. Камусьці ў Еўразвязе, а тым болей, ягонаму афіцыйнаму прадстаўніку хіба невядома, што яшчэ да сканчэння тэрміну галасавання былі збіты і захоплены амаль усе палітычныя канкурэнты таго чалавека, вакол якога яна заклікае беларусаў аб’яднацца?
Мікола Статкевіч, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года да гэтага часу ў турме. Хіба у такіх умовах можна вызначыць, хто насамрэч перамог?
І вакол чалавека, які пры гэткіх акалічнасцях здабыў чарговы (чацверты!) тэрмін кіравання, беларусам варта яднацца? І хіба не па той бок мяжы ён атрымаў трапную назву – апошні дыктатар Еўропы? Дык што ж змянілася апошнім часам у пазіцыі Еўразвязу?
Ды ўсё тут проста. Ідзе вайна з Украінай У Еўропе амаль нечакана выявіўся агрэсар. Ён нахабна перакуліў той правапарадак, які крок за крокам пасля Другой сусветнай вайны ўсталёўваўся на кантыненце. І еўрапейскія палітыкі, шукаючы паратунку ад новай навалы, гатовыя ўхапіцца за кожную саломінку. А дакладней, наступіць на даўнія і дужа злыя граблі.
Зразумець немагчыма, праз якія акуляры трэба было глядзець, каб у гэтым дыктатары ўбачыць міратворцу. Спагадлівага сябра ўкраінцаў. Ды яшчэ змагара з Пуціным. Нічога не скажаш, надзейнага саюзніка ў супрацьстаянні з крамлёўскімі драпежнікамі знайшла сабе Еўропа. Некалькі неўцямных, блытаных выказванняў – гэта ўсё, што ён зрабіў дзеля міру на кантыненце. На большае няздатны.
Як жа, перамовы з тэрарыстамі Луганды вядуцца ў Мінску – пра тое варта памятаць. Вялікі ўнёсак. Але хіба гэта ягоная заслуга? Так пажадаў Пуцін. А загад начальніка – закон для падначаленых. Масква плануе ўжо ў межах Мытнага звязу агульны парламент. І наша незалежнасць у гэткіх акалічнасцях проста расквітнее. Імгненна. Як толькі беларусы аб’яднаюцца вакол непахіснага васала таварыша Пуціна.
Вядоўца той злашчаснай перадачы аж усхапіўся, пачуўшы словы афіцыйнага прадстаўніка Еўразвязу. «Эти слова дорогого стоят!»- мімаволі ўскрыкнуў ён.
Так, выказванне каштоўнае. Асабліва напярэдадні чарговых выбараў. Можна колькі заўгодна словы тыя абвяргаць, пераконваць, што зразумелі ўсё не так, але птушачка вылецела. Ніякім ідэолагам такога афарызму не прыдумаць. Гатовы перадвыбарчы слоган для апошняга дыктатара Еўропы.
Можна з ім ісці ў народ. Будзе поспех. Калі з лесвіцы не спусцяць, то поспех будзе бясспрэчны.
Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org