22 снежня 2024, Нядзеля, 4:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перамозе пад Воршай - 500 гадоў

86

Сёння - Дзень беларускай вайсковай славы.

500 гадоў таму, 8 верасня 1514 года, войскі Вялікага княства Літоўскага разграмілі войскі Маскоўскага княства, што пераўзыходзілі яго амаль у тры разы.

Бітва стала пераломнай падчас чарговай вайны з Маскоўскім княствам, калі ягоныя войскі спрабавалі захапіць тэрыторыю сучаснай Беларусі. Адным з галоўных герояў Аршанскай бітвы быў гетман Канстанцін Астрожскі. Ён узначальваў 30-тысячнае літоўскае войска, якое цалкам разбіла 80-тысячнае маскоўскае войска. Князь, стараста брацлаўскі і вінніцкі, ваявода троцкі да таго часу правёў больш за пяцьдзесят паспяховых бітваў супраць крымскіх татараў.

Асноўнай часткай кавалерыі камандаваў Юрый Радзівіл «Геркулес», асобнымі атрадамі - слуцкі князь Юрый Алелькавіч, Іван Сапега.

Перамога ў Аршанскай бітве сарвала планы першага геапалітычнага падзелу Усходняй Еўропы, якія будавалі маскоўскі цар і імператар Святой Рымскай імперыі. Паводле іх Вялікае княства Літоўскае павінна было спыніць сваё існаванне ў якасці незалежнай дзяржавы, а ягоныя землі - адысці да Масквы.

У бітве пад Оршай наша краіна адстаяла сваю незалежнасць. На некалькі дзесяцігоддзяў была спыненая агрэсія Маскоўскага княства. Бітва сарвала вялікі саюз Святой Рымскай імперыі, Тэўтонскага ордэна, крымскіх татараў і Маскоўскага княства. Пасля яе нямецкі імператар адмовіўся ад саюзу з Масквой, а ўступіў у саюз з вялікім князем Літоўскім і польскім каралём.

Адзначаць 8 верасня як Дзень беларускай вайсковай славы пачалі толькі ў канцы 80-х. А ў 1992 годзе ў гадавіну вялікай бітвы на плошчы Незалежнасці ў Менску беларускія афіцэры ўрачыста прынялі прысягу на вернасць роднай краіне і народу. 8 верасня 1992 года ў Менску былі прыведзеныя да прысягі 12 афіцэраў і 3000 жаўнераў запасу. Тады ўдзельнікі гэтай прысягі падпадалі пад ціск з боку ўладаў, але праз вельмі кароткі час прысягу на вернасць Беларусі прынялі ўсе вайсковыя часткі.

Напісаць каментар 86

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках