Праз пратэсты ў Гюмры распачатая крымінальная справа
8- 17.01.2015, 10:24
- 12,885
Следчы камітэт Арменіі распачаў крымінальную справу паводле факту акцый пратэсту ў горадзе Гюмры.
Пра гэта агенцтву «Навіны-Арменія» паведамілі ў СК.
Крымінальная справа распачатая паводле артыкулаў «Хуліганства» і «Ужыванне гвалту супраць прадстаўніка ўлады». Вядзецца следства, аднак абвінавачаных у справе пакуль няма.
15 студзеня ў Гюмры і Ерэване адбыліся акцыі, удзельнікі якіх патрабавалі выдачы расейскага жаўнера, што падазраецца ў забойстве (вайсковец, як паведамлялася раней, пасля затрымання быў дастаўлены на расейскую базу). Яны суправаджаліся сутыкненнямі паміж пратэстоўцамі і паліцыяй. У Гюмры маніфестанты сталі закідваць паліцэйскіх камянямі, тыя ўжылі спецсродкі.
У Ерэване на плошчы Свабоды былі затрыманыя дзясяткі дэманстрантаў, што сабраліся на цырымонію запальвання свечак у памяць пра сям'ю Авецісянаў, забітую ў Гюмры.
Забойства ў Гюмры было ўчыненае 12 студзеня. Ва ўласным доме былі застрэленыя сямейнікі Авецісяны: пяцёра дарослых і дзіця. Яшчэ адно дзіця было параненае, у сапраўдны час яно знаходзіцца ў шпіталі. Праз падазрэнне ў забойстве затрымалі салдата тэрміновай службы Валерыя Пермякова, які раней самавольна пакінуў вайсковую базу. На допыце ён прызнаў віну. У прэсе з'явілася версія, што ён нібыта наважыў дэзертыраваць, зайшоў у дом, які трапіў па шляху, папіць вады і застрэліў гаспадароў, баючыся, што яго выдадуць.
Фота: AP