25 снежня 2024, Серада, 11:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі з'явіцца новая купюра ў 500 тысяч

66
У Беларусі з'явіцца новая купюра ў 500 тысяч

У Нацбанку таксама распавялі, калі з'явіцца валюта ў абменніках, і што будзе са стаўкамі ўкладаў.

Сёння рэгулятар упершыню пасля снежаньскага крызісу распавёў, што будзе далей з грашова-крэдытнай палітыкай краіны. Калі з'явіцца валюта ў абменніках, што будзе з дэпазітнымі стаўкамі, і ці з'явяцца ў Беларусі новыя грошы, піша tut.by.

Пра валюту ў абменніках

«Задавальненне ўсялякімі намаганнямі ажыятажнага попыту насельніцтва на замежную валюту неапраўданае. Таму банкі ў перыяд высокіх спекулятыўных чаканняў прадавалі валюту ў межах яе пакупкі. Цяпер прапанова валюты банкамі на сегменце рынку павялічваецца. З адаптацыяй банкаў да ўмоў новага механізму курсаўтварэння і замацавання станоўчых тэндэнцый на валютным і дэпазітным рынках гэтыя пытанні будуць знятыя.

Рэкамендацыі для фармавання курсу плюс-мінус 2 адсоткі захаваюцца, бо яны адпавядаюць міжнароднай практыцы», - гаворыцца ў паведамленні.

Пра дэпазітныя стаўкі

Захады адсоткавай палітыкі, зробленыя Нацыянальным банкам у канцы 2014 года, далі свой станоўчы эфект, адзначаюць у Нацбанку.

«Назіраецца прырост тэрміновых рублёвых укладаў насельніцтва. Паслядоўная праца, накіраваная на падтрыманне большай прывабнасці ашчаджэнняў у нацыянальнай валюце чым у замежнай валюце будзе прадоўжаная.

З улікам стабілізацыі сітуацыі на дэпазітным і валютным рынках Нацыянальны банк рэкамендаваў банкам перагледзець з 1 студзеня 2015 года ўмовы прыцягнення грашовых сродкаў да ўкладання, якія прадугледжваюць абарону ашчаджэнняў ад абясцэньвання нацыянальнай валюты.

Банкам прапанавана завабліваць такія ўклады тэрмінам на 1 год, а таксама ўніфікаваць іншыя ўмовы іх прыцягнення. Прапанаваны механізм індэксацыі рублёвых ашчадкаў пры змене абменнага курсу беларускага рубля дазваляе абараніць ашчаджэнні ў беларускіх рублях ад курсавых рызык і падвышае іх прывабнасць у параўнанні з ашчаджэннямі ў замежнай валюце.

Што да адсоткавых ставак валютных ашчаджэнняў: з улікам падвышэння кошту рэсурсаў на міжнародных рынках капіталу, і перш за ўсё ў Расейскай Федэрацыі, некаторае падвышэнне адсоткаў для ашчаджэнняў у замежнай валюце ў Беларусі цалкам адэкватнае», - гаворыцца ў паведамленні рэгулятара.

У 2015 годзе адсоткавая палітыка будзе насіць антыінфляцыйную накіраванасць. Для гэтага адсоткі будуць падтрымлівацца дадатнымі ў рэальным вымярэнні, а таксама будзе забяспечвацца большая прывабнасць прыбытковасці ашчадкаў у беларускіх рублях над валютнымі ашчаджэннямі.

Пра купюру ў 500 тысяч

У Беларусі можа з'явіцца новая купюра ў 500 тысяч рублёў.

«Увядзенне новага наміналу банкнот знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Пастанова аб змене ў грашовым звароце Рэспублікі Беларусь будзе прымацца зыходзячы з сітуацыі, якая складваецца ў эканоміцы, пра што Нацыянальны банк загадзя праінфармуе ўсіх зацікаўленых», - гаворыцца ў паведамленні.

Пра інфляцыю

У сярэднетэрміновай перспектыве плануецца прывядзенне ўзроўню інфляцыі да адназначнай велічыні.

«Забеспячэнне коштавай стабільнасці будзе суправаджацца рэалізацыяй урадам і Нацбанкам комплексу захадаў для дэдалярызацыі эканомікі і падвышэння даверу да нацыянальнай валюты. У рамках гэтай працы рэалізуюцца захады для максімальнага абмежавання разлікаў у замежнай валюце на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама адмовы ад прывязкі да даляра ці еўра пры вызначэнні коштаў, ставак арэнднай платы, мыт ды іншых плацяжоў.

Яшчэ адной ключавой задачай з'яўляецца падтрыманне золатавалютных рэзерваў на бяспечным узроўні», - падкрэсліваюць у Нацбанку.

Для дасягнення пазначаных мэтаў Нацыянальны банк пазначыў некалькі прынцыпаў.

Для павышэння гнуткасці курсавой палітыкі з 9 студзеня выкарыстоўваецца механізм прывязкі курсу беларускага рубля да кошыку валют. Гэта азначае адмову ад наўпроставай прывязкі курсу беларускага рубля да даляра. Пры гэтым, зыходзячы са структуры замежнага таваразвароту і атрыманага валютнага даходу, удзельная вага расейскага рубля павялічаная да 40%, даляра і еўра зніжаная да 30% адпаведна.

Валютныя інтэрвенцыі будуць праводзіцца толькі для згладжвання пікавых ваганняў кошту кошыка замежных валют у сумах, якія забяспечваюць станоўчае сальда куплі-продажу Нацыянальным банкам замежнай валюты ў сярэднетэрміновым перыядзе.

Абменны курс будзе больш гнутка рэагаваць на імклівыя змены сітуацыі як унутры краіны, так і на замежных фінансавых рынках. У той жа час гэта прывядзе да больш моцных ваганняў абменнага курсу беларускага рубля ў дачыненні да даляра. Аднак у сярэднетэрміновым перыядзе пры правядзенні адэкватнай бюджэтна-падатковай і грашова-крэдытнай палітыкі ціск на валютны рынак знізіцца, і адбудзецца стабілізацыя курсавых чаканняў, што дазволіць паменшыць ваганні курсу беларускага рубля.

Пра курсы валют

Што да прагнозу абменнага курсу, то тут прысутнічае шматварыянтнасць.

«У залежнасці ад сцэнарыяў развіцця сітуацыі (рознай дынамікі коштаў нафты, курсу расейскага рубля, дзелавой актыўнасці ў краінах - асноўных гандлёвых партнёрах) сярэдні кошт кошыка замежных валют у дачыненні да беларускага рубля з улікам ўсяго комплексу захадаў макраэканамічнага карэктавання, паводле ацэнак, можа павялічыцца да канца 2015 года на 3 - 7% у дачыненні да ўзроўню, які склаўся пры пераходзе да механізму прывязкі курсу беларускага рубля да кошыку валют», - гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, за месяц дэвальвацыя беларускага рубля склала 40%. Нягледзячы на ўяўную стабілізацыю курсу, даляраў у абменніках у свабодным доступе дагэтуль не было. Каля банкаў стаяць чэргі ахвотных набыць даляры і еўра ў чаканні, калі хтосьці прадасць іх банку.

Напісаць каментар 66

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках