23 снежня 2024, панядзелак, 13:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Магілу Міхаіла Жызнеўскага апаганьваюць вандалы

58
Магілу Міхаіла Жызнеўскага апаганьваюць вандалы

22 студзеня ў Гомелі пройдзе паніхіда па Міхаілу Жызнеўскаму, які загінуў у мінулым годзе ў гэты дзень.

Ніна Жызнеўская, маці героя Нябеснай сотні, распавяла "Радыё Свабода", што нягледзячы на вялікую падтрымку з боку ўкраінскіх уладаў, на радзіме магілу яе сына апаганьваюць, а мясцовыя ўлады не робяць нічога, каб абараніць памяць Міхаіла ад абраз.

- Ніна Васільеўна, як вы з сям'ёй праведзяце 22 студзеня?

- Якое тут можа быць жалобнае мерапрыемства, калі Міша ў Беларусі бандыт і нацыст? Сям'я збярэцца, будзе паніхіда, памінальны абед, на могілках яго наведаем. Абяцалі прыехаць дыпламаты з амбасады Украіны. Прыедуць журналісты з украінскага тэлеканала «1+1». Украінцы ўважаюць Мішу за свайго героя, прыязджаюць сюды на магілу, прывозяць сцягі і кошыкі кветак, падпісваюць усё як герою Нябеснай сотні. Але ўсё гэта адразу рвецца, знішчаецца і выкідваецца. Хто гэта робіць? Нашы гамельчукі.

- Чаму вы не звярнуліся ў міліцыю са скаргай?

- Якая міліцыя? Для іх Міша бандыт і нацыст. Якая міліцыя? Я буду прасіць Украіну, каб яна стала на абарону яго магілы.

- Калі вы ў лістападзе сустракаліся з Пятром Парашэнкам, то ён дэклараваў, што ўмяшаецца, калі вашу сям'ю нейкім чынам будуць крыўдзіць. Штосьці было зроблена ці засталося на ўзроўні гучных заяў?

- Пасля гэтага нічога не было зроблена. Нічога. Парашэнка абяцаў дамагчыся для Мішы звання Героя Украіны, але нічога не адбылося. Вось 22-га прыедзе ўкраінскае тэлебачанне, я праз яго буду звяртацца да ўсіх украінцаў, каб яны дапамаглі дамагчыся звання для Мішы і абараніць магілу героя ад нашых гамельчукоў, якія паскудзяць на яго магіле.

- У Кіеве ўсталяваны мемарыял для ўшанавання памяці героя Нябеснай сотні Міхаіла Жызнеўскага. Будзе помнік у Беларусі, на радзіме Міхаіла?

- Ініцыятыва такая ёсць, удзельнічаюць у ёй людзі з Гомеля і Менска. Але я сэнсу мала бачу. Помнік гэты разаб'юць, паломяць адразу. Трэба, каб умяшалася Украіна, каб стала на абарону яго памяці. Толькі ў такім выпадку нашы людзі адумаюцца, калі Лукашэнка дасць загад не чапаць магілу. Таму што, калі загінуў Міша, усе мясцовыя СМІ, асабліва газеты, крычалі, што «загінуў беларус, які ваяваў за бандэраўцаў, сабаку сабачая смерць», палівалі брудам і мяне, і майго сына.

- Якім чынам Украіна можа ўмяшацца і абараніць магілу?

- Трэба ўкраінцам сустрэцца з нашым кіраўніцтвам - і з гомельскім, і з менскім. Мне ўжо ўкраінскія дыпламаты паабяцалі, што будуць гаварыць з гомельскім кіраўніцтвам і прасіць, каб была забяспечаная павага да магілы. Што там робіцца на яго магіле! Міша нікому нічога не зрабіў дрэннага, ніколі не лаяўся ні на каго, ніколі нікога не ўдарыў. За што цяпер з ім так? За тое, што загінуў за свабоду іншай краіны? Хіба за гэта можна ненавідзець і так ставіцца? Цяпер Міша не можа за сябе пастаяць, дык яны здзекуюцца над яго магілай. Мала таго, што там зламанае ўсё, дык яшчэ і г...о было на магіле.

- Міша марыў забяспечыць сваіх бацькоў жыллём. Так здарылася, што яго мара здзейснілася пасля яго смерці стараннямі дабрачынцаў і ўкраінскіх фондаў, якія дапамагаюць сем'ям забітых на Майдане, і вы пераехалі ў асобную кватэру.

- Так, нам дапамаглі фонды і ўкраінскія ўлады. Невялікую частку грошай мы далі, яшчэ трошкі дачка дадала, астатняе - з Украіны. Вось і купілі тое, на што хапіла. Вось такі падарунак з таго свету ад сына. Але нам ад гэтага падарунка балюча і крыўдна. Мы б лепш жылі пад плотам, толькі б Міша быў жывы.

Фота: svaboda.org

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках