Барыс Жаліба: Курс даляра дасягне 18-20 тысяч рублёў
71- 21.01.2015, 18:21
- 130,821
Падзенне рубля прадоўжыцца ўжо ў бліжэйшыя дні.
«Салідарнасць» звярнулася да доктара эканамічных навук, прафесара Барыса Жалібы з пытаннямі, якім на ягоную думку з'яўляецца рэальны курс даляра, як доўга ўлады будуць утрымліваць існы курс і калі чакаць раўнаважнага курсу валют у абменніках.
- Мы пакуль што не выйшлі на раўнаважны курс. Гэта была лакальная, невялікая рэвальвацыя рубля. Гэта часовая з'ява. Я думаю, што генеральны трэнд будзе арыентаваны на далейшую дэвальвацыю, - выказаў меркаванне ён.
Калі ж курс дасягне дна? Эканаміст падкрэслівае, што ў дадзеным выпадку трэба ўлічваць мноства фактараў.
- Краіны ЕЗ і ЗША пацвердзілі, што санкцыі ў дачыненні да Расеі застаюцца ў сіле. Цэны на нафту падаюць. Вось вам два фактары, якія будуць ціснуць на расейскую эканоміку, - сказаў ён.
На думку эксперта, расейскі рынак можа скараціцца, і аб'ём беларускага экспарту ў Расею можа зменшыцца ў параўнанні з мінулым годам.
- Гэтая група фактараў сведчыць, што нашая валюта, як і расейскі рубель, будзе абясцэньвацца далей, - кажа Барыс Жаліба. - А ёсць яшчэ і ўнутраныя фактары, яны таксама не аптымістычныя. Хіба ў нас зменшыліся складскія запасы гатовай прадукцыі? Павысілася эфектыўнасць вытворчасці, канкурэнтаздольнасць прадукцыі?
Эканаміст лічыць, што сённяшні курс даляра не з'яўляецца рынкавым.
- Раўнаважны курс будзе ніяк не 15000 рублёў за даляр. Магчыма 17-18 тысяч, а можа нават і 20 тысяч дасягне, - сказаў ён.
На думку эканаміста, падзенне рубля можа прадоўжыцца ўжо ў бліжэйшыя дні.