23 лiстапада 2024, Субота, 11:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выдаткі на пошук «дармаедаў» перавысяць даходы ад іх

36
Выдаткі на пошук «дармаедаў» перавысяць даходы ад іх

Ці можна падаткамі прымусіць чалавека працаваць там, дзе ён не хоча?

Пра гэта выданню «Заўтра тваёй краіны» распавёў эксперт у пытаннях рэформы дзяржаўнай службы, кіраўніком праекта «Кошт урада» у рамках праекта BIPART Уладзімір Кавалкін.

- З кім ідзе, на ваш погляд, барацьба пры наступе на дармаедаў?

- У Беларусі трэба падзяляць нагоду і мэту. Напрыклад, улады кажуць аб падтрымцы дзяцей, калі павышаюць падаходны падатак. Або ўводзяць падатак на допуск транспарту да руху, каб палепшыць стан дарог. У выпадку з падаткам на дармаедаў адбываецца тое ж самае. Ёсць не занятыя на рынку працы грамадзяне, якія могуць быць алкаголікамі, наркаманамі, і іх (на думку уладаў) неабходна прымусіць працаваць. Аднак не гэта галоўная задача.

Самае важнае - папоўніць бюджэт. З гэтым улады маюць цяжкасці праз значнае скарачэнне падатку на прыбытак прадпрыемстваў, праблем ў замежнаэканамічнай дзейнасці і падзення аб'ёмаў экспарту. Такім чынам, ідзе барацьба з недахопам грошай у казьне.

- Наколькі істотнымі для бюджэту могуць стаць сабраныя сродкі?

- Трэба яшчэ ўлічыць, што агулам падатковая нагрузка ў 2015 годзе для насельніцтва павялічваецца. Мінфін плануе сабраць у выніку падатку на дармаедства блізу 500 млрд рублёў. Дадайце яшчэ сродкі, якія з'явяцца ў выніку павелічэння падаходнага падатку - парадку двух трыльёнаў. Па-ранейшаму будуць паступаць грошы ад аўтамабілістаў і павышацца акцызы. Атрымаецца круглая сума.

- Аднак ці можна быць упэўненым, што яе атрымаецца сабраць?

- Сапраўды, што можна ўзяць з прадстаўнікоў маргінальных слаёў насельніцтва? У развітых краінах розным уразлівым групам, тым жа бяздомным, дапамагаюць з начлегам, бясплатным харчаваннем. Думаю, і ў нас яны з'яўляюцца мэтавай аўдыторыяй. Задача іншая - абкласці падаткам тых грамадзян, якія маюць даходы, але падаткі не плацяць.

- Ці існуе механізм, з дапамогай якога грамадскасць можа даведацца, ці сапраўды сродкі пайшлі туды, куды ўлады абяцаюць іх накіраваць?

- Калі казаць пра сродкі, якія збяруць у выніку павелічэння падаходнага падатку, ёсць хоць бы дэкларацыя аб тым, што яны пойдуць сем'ям з дзецьмі. Але і ў гэтым, і ў іншых выпадках інфармацыя аб рэальным руху грошай мае грыф «для службовага карыстання» і не падлягае разгалашэнню. Наколькі мне вядома, нават Мінфін зацікаўлены ў тым, каб адкрыць як мага больш звестак па выкананні бюджэту, але на ўзроўні Саўміна ёсць забарона па распаўсюду інфармацыі.

Адна справа скласці план, іншае - яго выканаць. Нельга выключаць, што ў выпадку, калі ўтворыцца дэфіцыт бюджэту, ці не з'явяцца артыкулы, якія будуць уразацца ў першую чаргу. Напрыклад, крэдыторская запазычанасць рэспубліканскага бюджэту паводле артыкула «рамонт і ўтрыманне дарог» з пачатку 2014-га года да кастрычніка вырас на 137,3 млрд. руб. Атрымліваецца, грошы, якія плацілі грамадзяне ў выглядзе падатку пры праходжанні тэхагляду, ішлі ў бюджэт, адкуль яны траціліся не на ўтрыманне дарог.

Яшчэ адзін прыклад. Калі палічыць, колькі грошай збяруць у выніку павышэння падаходнага падатку на 1%, выходзіць, што сем'і недаатрымліваюць значныя сродкі. Паводле курса на канец 2014 выходзіла, што сям'я павінна атрымаць 4000 даляраў у год штогод, але паводле афіцыйнай інфармацыі, сям'я атрымае праз 18 гадоў 10 тысяч даляраў. Розніца, трэба меркаваць, асядзе ў бюджэце і будзе выкарыстаная для затыканне існых дзір. Нешта падобнае можа быць і са сродкамі, сабранымі з дармаедаў.

- Як ўвядзенне гэтага падатку адаб'ецца агулам на рынку працы?

- Да легалізацыі занятасці і вяртання мігрантаў увядзенне падатку за дармаедства не прывядзе.

Казаць аб тым, што запоўняцца вакансіі, на якія цяпер не знаходзяцца працаўнікі, не прыходзіцца. Ніякімі прымусовымі метадамі гэтыя месцы запоўніць немагчыма. Людзі не ідуць на пэўную працу, таму што суадносіны даходу ад яе і высілкаў на працу іх не задавальняе. Каб было па-іншаму, трэба альбо працу зрабіць прасцейшай, альбо павялічыць заробак. Ніякімі падаткамі не прымусіць чалавека працаваць там, дзе ён не хоча.

Людзі будуць ацэньваць, што прасцей - заплаціць штраф у 3,6 мільёна ці прыдумаць нейкую схему, напрыклад, уладкавацца на працу хаця б на кароткі час. Калі ў чалавека ёсць даход, ён хутчэй заплаціць падатак і будзе жыць спакойна.

Агулам вельмі нізкае афіцыйнае беспрацоўе, якое існуе ў Беларусі, - дрэнная сітуацыя для эканомікі. Напрыклад, таму, што працадаўцу складана знайсці работніка. Шмат у чым праблема беспрацоўя ў краіне развязалася за кошт Расеі, куды беларусы з'язджаюць на заробкі.

- Наўрад неабходнасць плаціць падатак прымусіць іх вярнуцца.

- Вяртанне ў Беларусь працоўных мігрантаў можа паспрыяць крызіс у Расеі. І гэта будзе не радасная навіна для ўладаў. Па-першае, калі ўявіць, што вернуцца працоўныя, будаўнікі, якія працуюць у Расеі, з'явіцца праблема працаўладкавання гэтых людзей на радзіме. Часам кажуць, што ў Расеі працуе блізу 100 тысяч. Яны ж не пойдуць працаваць дворнікамі! Дзяржава зусім не займаецца стварэннем такіх працоўных месцаў, якія патрэбныя гэтым людзям. Людзі не ад салодкага жыцця паехалі ў Расею, а таму, што там ёсць праца, і яна добра аплачваецца.

Па-другое, у краіну перастануць паступаць грошы з-за мяжы. Сем'і апынуцца ў горшым, чым раней матэрыяльным становішчы. І гэта вялікая сацыяльная праблема, якую ўрад не бачыць.

Баюся, калі ў краіне раптам апынецца 100 тысяч незадаволеных мужчын, праблему іх занятасці і дабрабыту сем'яў не развязаць увядзеннем падаткаў і іншымі сілавымі метадамі.

- Няўжо няма нават драбка справядлівасці ва увядзенні падатку?

- На рынкавую эканоміку нельга глядзець з пазіцыі справядлівасці. У эканоміцы выкарыстоўваюцца больш аб'ектыўныя паняцці - прыбытковасць або стратнасць.

У кошце любога тавару ёсць ПДВ, а ў некаторых акцыз. Такім чынам, падаткі плацяць усе. Іншая справа, што ёсць тыя, хто сапраўды не плаціць падаходны падатак і падатак у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Аднак калі мы будзем шукаць справядлівасць, баюся, мы яе наогул нідзе не знойдзем.

Любы працадаўца імкнецца мінімізаваць падатковыя выплаты, таму існуюць заробкі ў канвертах. Калі б улады прымусілі плаціць падаткі тых, хто павінен гэта рабіць згодна з заканадаўствам, было б значна больш карысці, чым збіраць грошы з дармаедаў. Тым больш цалкам можа атрымацца, што выдаткі на выяўленне гэтых людзей, адпраўку ім «лістоў шчасця» могуць апынуцца большымі, чым паступленні па гэтаму падатку.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках