Прадпрымальнікі: Пакупніцкая здольнасць людзей рэзка ўпала
29- 23.01.2015, 10:18
- 33,488
Пінскія прадпрымальнікі патрабуюць сустрэчы з кіраўніком гарадской адміністрацыі.
ІП звяртаюцца да старшыні гарвыканкама Андрэя Мулярчыка з просьбай сустрэцца з імі і выслухаць іх і развязаць надзённыя пытанні, звязаныя з Указам №222. Пра гэта паведаміў charter97.org старшыня РГА "Пэрспэктыва" Анатоль Шумчанка.
«Мы, ніжэйпадпісаныя прадпрымальнікі і наёмныя асобы горада Пінска, хочам нагадаць Вам, што 28 лютага 2015 г. завяршаецца тэрмін рэалізацыі тавару, які быў ўвезены намі без суправаджальных дакументаў да 1 ліпеня 2014 года. Улічваючы тое, што намі завозіўся сезонны тавар, у нас засталіся рэшткі нерэалізаванага тавару, які ў сезоне восень-зіма рэалізаваць немагчыма. Таксама жадаем паведаміць, што рэалізацыя тавару не праходзіць за адзін раз, у нас узнікаюць рэшткі (нестандартныя мадэлі, памеры), рэалізацыя якіх можа расцягнуцца на гады.
Гэтак жа паведамляем Вам, што на рынках Масквы, дзе мы раней закуплялі тавар, дагэтуль не выдаюць на тавар суправаджальных дакументаў і сертыфікатаў. Просім Вас разгледзець пытанне аб магчымасці выплаты ўвазнога ПДВ паводле актаў закупкі, якія мы будзем складаць на рынках Масквы і завяраць у адміністрацыі гандлёвых цэнтраў.
У дадатак, да ўсяго рэзка знізілася пакупніцкая здольнасць насельніцтва. У выпадку, калі пытанне з рэшткамі не развяжацца, то большасць прадпрымальнікаў горада Пінска не зможа ажыццяўляць сваю працу легальна, а значыць, будзе не ў стане плаціць падаткі на сакавік месяц, што яшчэ больш пагоршыць сітуацыю для ўсіх бакоў.
У сувязі з вышэйпададзеным, просім Вас: арганізаваць і правесці сустрэчу ў гарвыканкаме горада Пінска з прадпрымальнікамі гандлёвых цэнтраў і рынкаў, у мэтах атрымання поўнай і аб'ектыўнай інфармацыі з месцаў і абменам меркаванняў і ініцыяваць у Міністэрстве эканомікі разгляд пытання аб рэалізацыі рэшткаў да моманту іх фактычнай рэалізацыі», - гаворыцца ў звароце.
Анатоль Шумчанка спадзяецца, што ўлады прыслухаюцца да прадпрымальнікаў горада, таму што ў сённяшняй эканамічнай сітуацыі асабліва важна размаўляць з людзьмі і чуць іх.
«РГА "Пэрспэктыва" разлічвае на станоўчую рэакцыю з боку пінскіх уладаў. З людзьмі сёння трэба размаўляць. І больш павінны гэта рабіць мясцовыя ўлады. І потым менавіта яны павінны абіваць парогі высокіх начальнікаў і гаварыць з імі аб рэальнай сітуацыі. Нам трэба рабіць усё, каб улады працавалі на простых прадпрымальнікаў - бо гэта іх непасрэдны абавязак. Заклікаем усе рэгіёны далучыцца да падобнай ініцыятывы. За нас нашы праблемы ніхто развязваць не будзе», - сказаў ён.