Барак Абама: ЗША разгледзяць крокі ў стрымліванні Расеі
12- 25.01.2015, 18:48
- 47,206
Белы дом разгледзіць усе магчымыя крокі, каб стрымаць Расею, акрамя вайсковага ўмяшання ў канфлікт.
Расейская падтрымка сепаратыстаў прывяла да парушэння пагаднення аб спыненні агню ва Украіне. Пра гэта заявіў прэзідэнт ЗША Барак Абама, выступаючы на прэс-канферэнцыі ў Нью-Дэлі (Індыя) у нядзелю. Са слоў прэзідэнта, ЗША разгледзяць усе магчымыя крокі, за выключэннем вайсковага ўмяшання, для стрымлівання ўмяшання Масквы ва ўнутраныя справы суседняй дзяржавы, паведамляе "Голос Америки".
"Мы глыбока занепакоеныя апошнімі парушэннямі пагаднення аб спыненні агню з Расеяй", - сказаў Абама. Прэзідэнт дадаў, што "ўступленне ў ваенны канфлікт з Расеяй было б неэфектыўнае".
Нагадаем, 24 студзеня тэрарысты ДНР і расейскія вайскоўцы а 09:25 абстралялі з "Градаў" усходнія ўскраіны Марыўпаля. Тут пашкоджаны шэраг жылых дамоў, школа. Сакратар СНБА Аляксандр Турчынаў усклаў адказнасць за гэтае злачынства непасрэдна на прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. На сайце ГУ МУС Украіны Данецкай вобласці апублікаваны спіс загінулых і параненых у выніку абстрэлу. Усяго ў спісе лічыцца 29 загінулых і 93 параненых.
Раней падчас тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам віцэ-прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн падкрэсліў, што кошт агрэсіўных дзеянняў Расеі супраць Украіны будзе расці.