27 снежня 2024, Пятніца, 10:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Daily Beast: Пуцін ваюе з Украінай на кітайскія грошы

27
The Daily Beast: Пуцін ваюе з Украінай на кітайскія грошы

Кітай кінуў расейскай эканоміцы «выратавальны круг».

Хаўрус Кітая і Расеі, які ўзмацняецца, з'яўляецца адной з самых важных геапалітычных падзей стагоддзя, піша The Daily Beast (пераклад — zn.ua).

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін рухае свае межы на Захад, углыб Еўропы. На Поўдні Расеі, на Каўказе, расейскае войска ў гэтым месяцы фактычна «паглынула» Паўднёвую Асецію, якая калісьці ўваходзіла ў Грузію. У лістападзе мінулага года Пуцін прыбраў да рук Абхазію, якая належала раней Грузіі. Менш за год таму ён анэксаваў Крым.

«Аднак пакуль расейскі лідар абірае суседзяў, яго эканоміка разбураецца. Кошт нафты абрынуўся, а на яго зверху (на Пуціна - рэд.) упалі яшчэ і санкцыі. Дзе ён бярэ сродкі на ўвасабленне ў жыццё сваіх псеўдаімперскіх планаў? Адказ адзін: Кітай» , - гаворыцца ў артыкуле.

Цягам апошніх месяцаў Кітай кінуў расейскай эканоміцы «выратавальнае кола».

Так, у лістападзе мінулага года ВУП Расеі абрынуўся на 0,5% упершыню з кастрычніка 2009 года. Кошт нафты абнаўляе шасцігадовы мінімум. У гэтым годзе эканоміка Расеі можа скараціцца на 10%, а, магчыма, і больш. Інфляцыя ў РФ можа дасягнуць 17% у гэтым годзе.

Рубель упаў на 49% у дачыненні да даляра з канца 2013 года і гэтым ускладніў сітуацыю з замежнай запазычанасцю Расеі, якая складае каля $600 млрд. Для абароны нацыянальнай валюты ўрад РФ падвысіў працэнтныя стаўкі да 17%, што спыняе эканамічную актыўнасць. Але калі яна зніжаецца, рубель абрынаецца.

У мінулым годзе адток капіталу з РФ склаў больш чым $150 млрд, што ў два разы больш, чым у 2013-ым. Урад спрабуе спыніць паток шляхам ўвядзення «неафіцыйнага валютнага кантролю», што абцяжарвае канвертацыю рублёў у даляры. У выніку гэта паглыбіць рэцэсію, і расейскія экспарцёры не змогуць плаціць за сыравіну з-за мяжы. Праз адток капіталу валютныя рэзервы Расеі скараціліся з $510 млрд у пачатку 2014 да $380 млрд паводле стану на канец года.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама ўжо заявіў, што гатовы пагоршыць санкцыі ў дачыненні да Расеі. Але Пуцін нахабна абвінавачвае Кіеў і NАТO ў аднаўленне баявых дзеянняў ва Украіне. «А Кітай робіць стаўку на яго гульню», - гаворыцца ў артыкуле.

Існуе шэраг нафтавых і газавых кантрактаў, падпісаных з пачатку 2013 года, што кажа аб відавочных прыкметах «энэргетычнага альянсу» паміж «цмокам і мядзведзем».

Гэтыя ўгоды пачынаюць акупляцца для Пуціна. Кітайскі імпарт расейскай нафты стаў рэкордна высокім у лістападзе 2014-га. Дзякуючы, прынамсі продажу нафты і газу, агульны аб'ём гандлю паміж Кітаем і Расеяй вырас на 6,8% да $95,3 млрд. Пуцін кажа, што гандаль з Кітаем вырасце да $200 млрд у 2020 годзе.

«Пекін, відавочна, прыняў пастанову падтрымаць расейскую эканоміку, у што б там ні стала», - мяркуе выданне. Прадстаўнік Міністэрства гандлю Кітая Шэн Даньянг заяўляў, што пры неабходнасці Пекін гатовы аказваць неабходную дапамогу ў межах сваіх магчымасцяў. У кастрычніку Масква і Пекін узгаднілі валютны своп на 24,4 млрд даляраў.

«Навошта Кітай робіць усё гэта? У расейскім моцным лідары пекінскія палітыкі бачаць не толькі чалавека, які падзяляе іх погляды але і змагара, гатовага кінуць выклік Вашынгтону, і згодлівага малодшага партнёра, які зазнае нястачу», - гаворыцца ў артыкуле.

Кітай бачыць Амерыку як геапалітычнага апанента, і цалкам натуральна, што Пекін імкнецца ўмацаваць Крэмль. Кітайцы «радыя далучыцца да Масквы для пашырэння бізнэсу, кінуўшы выклік Вашынгтону», мяркуе Аляксандр Саліцкі з Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных стасункаў.

«Наколькі блізкія Масква і Пекін? У мінулым годзе Пуцін сустракаўся з кітайскім кіраўніком Сі Цзіньпінам пяць разоў», - сказана ў артыкуле.

«І што Кітай атрымае наўзамен? Пекін атрымае магчымасць пашырыць выкарыстанне сваёй валюты ў Расеі, якая можа патрапіць пад новы раўнд санкцый, і паступова можа быць адрэзаная ад даляравай сусветнай фінансавай сістэмы», - піша аўтар. На ягоную думку, кітайскія лідары мараць, што іх валюта будзе выкарыстоўвацца ва ўсім свеце.

Таму, як мяркуе аўтар, Пекін будзе побач, каб дапамагчы Пуціну адбіць атакі Захаду.

«Кітайцы цягам апошніх некалькіх месяцаў далі ясна зразумець, што яны гатовыя разгарнуць вялікія рэсурсы для гэтай доўгай барацьбы», - рэзюмуе аўтар.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках