23 снежня 2024, панядзелак, 15:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Краўчук: Лукашэнка - эмісар Пуціна

34
Леанід Краўчук: Лукашэнка - эмісар Пуціна

Беларускі дыктатар не самастойны палітык, упэўнены экс-прэзідэнт Украіны.

У інтэрв'ю інтэрнэт-выданню «Гордан» першы Прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук распавёў пра ўзаемныя стасункі Расеі, Беларусі, Казахстана і Украіны, аб сваім бачанні мэты візіту ў Кіеў Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева і ролі расейскага прэзідэнта ў гэтых перамовах.

- Прыезд Назарбаева і Лукашэнкі ва Украіну - гэта пошук магчымых развязанняў, каб захаваць твар Пуціна, які сваёй існасцю і паводле гісторыі Расеі ўжо цар, - мяркуе Леанід Макаравіч. - А цары назад не ідуць, яны ідуць толькі наперад. Гэта пошукі дыпламатычнага і палітычнага развязання праблемы стасункаў з Расеяй ці прыпынення рэальнай вайны з ёй.

Пуцін бачыць, што сітуацыя ў Расеі і за яе межамі складваецца не на ягоную карысць. Хоць і робіць выгляд, што ўсё добра, што ён выйдзе з сітуацыі. На тое, што Захад так адрэагуе на ягоную палітыку, Пуцін відавочна не разлічваў. Апошнія санкцыі Еўропы і ЗША, фактычна, поўная ізаляцыя Крыма, і яны будуць, мяркуючы з усяго, узрастаць і ўзрастаць.

«Нельга казаць, што толькі Расея пакутуе, - пакутуюць усе»

- Пуцін адчувае, што ў яго пад нагамі пачынае гарэць зямля. Пра гэта кажуць і ў Расеі, і не толькі апазіцыя. Таму і паслаў у Кіеў сваіх эмісараў - Лукашэнку і Назарбаева. А яны гуляюць, на жаль, на мой погляд, ролю не самастойных дзяржаўных дзеячаў, а знаходзяцца пад уплывам Расеі і пад пятой Пуціна.

Я бачыў, як ствараўся іх эканамічны саюз, з нагоды якога яны павінны сабрацца ў Маскве і штосьці там падпісаць. Бачыў, наколькі гэта было штучна. І заявы Лукашэнкі, і заявы Назарбаева - усё на адрас расейскага прэзідэнта і Расеі - што нарэшце яны створаць такую эканамічную структуру, якая будзе мець неймаверныя магчымасці - шырокія, глыбокія і высокія. А адбылося тое, што адбылося. Інфляцыя рубля прычынілася да таго, што яны шукаюць новыя рынкі, шукаюць, як разлічвацца, кажуць аб цвёрдай валюце.

Першая мэта - гэта пошукі пераадолення крызісу - і палітычнага, і эканамічнага, і ваеннага, і выхад на нейкія далягляды. Мы таксама не жывем у замкнёным коле, і ўкраінская эканоміка звязаная з расейскай, якая пакідае на ёй след. Нельга казаць, што толькі Расея пакутуе, - пакутуюць усе. І Пуцін мусіў зрабіць рэальны першы крок, каб скончыць з гэтым. Аднак ён пакуль будзе стаяць на сваім, бо існасць у яго застаецца агрэсіўна-дыктатарская, і ён ад гэтага не адмаўляецца.

«У Лукашэнкі і Назарбаева ёсць даручэнне ад Пуціна»

Гэта менавіта тыя прычыны, з якіх Лукашэнка і Назарбаеў едуць да Парашэнкі. Яны хочуць даведацца пра ягонае меркаванне, да якіх сцэнароў ён гатовы. Цяпер гэтыя сустрэчы не з'яўляюцца адкрытымі, таму цяжка меркаваць. Але ясна, што ў іх, акрамя сваіх праблем, ёсць даручэнне, звязанае з нейкімі прапановамі Пуціна. Пры гэтым яны не спасылаюцца на Пуціна, каб не ставіць яго ў няёмкае становішча.

Калі б гэта былі дзяржаўныя або афіцыйныя візіты, іх бы арганізавалі інакш. Накшталт рабочых кансультацыйных сустрэч для высвятлення пазіцыі Парашэнкі. І Пуцін, і Назарбаеў, і Лукашэнка нейкую сваю пазіцыю ў рамках гэтага эканамічнага саюза ўжо абмеркавалі. Ім хочацца ведаць, якую пазіцыю займае ўкраінскі прэзідэнт і на якія варыянты, сцэнары і саступкі ён пайшоў бы пры пэўных сітуацыях.

Я не бачу саступак, на якія мы маглі б пайсці, таму што усё магчымае мы ўжо зрабілі. Нават больш, чым маглі. Менскія саступкі - гэта наша прыніжэнне, бо яны ні на дзень не спрыялі замірэнню.

Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў афіцыйна заявіў, што Расея нічога не падпісвала, так што тут няма пра што гаварыць. Такім чынам, гэтыя дамоўленасці не маюць міжнароднай прававой моцы, якую павінны былі мець, каб яны былі падпісаныя і ратыфікаваныя, як належыць паўнавартаснаму дакументу ў такім важным пытанні, як тэрытарыяльная цэласнасць Украіны.

Я стаю на тым, што павінны сабрацца краіны-падпісанты Будапэшцкага мемарандума і падрахаваць вынікі, выконваецца ці не тут галоўная стрыжнёвая лінія гэтага дакумента - забеспячэнне тэрытарыяльнай недатыкальнасці і суверэнітэту Украіны. Гэта павінна быць, і туды павінны прыехаць не паслы, а кіраўнікі дзяржаў, якія падпісвалі гэты дакумент. І тады можна будзе пра нешта казаць. Усё астатняе - адцягванне развязкі.

«Расея маніпулюе па-свойму, «ЛНР» і «ДНР» - па-свойму, гэта вар'яты»

На грунце Менскіх пагадненняў развязка не надыдзе. Гэта не той дакумент, ім можна маніпуляваць як хочаш. Расея маніпулюе па-свойму, так званыя «ЛНР» і «ДНР» - па-свойму. Тыя ўжо заяўляюць, што яны ўвогуле не прыедуць, што хочуць сустракацца толькі з Парашэнкам, бо яны ўжо такія вялікія і сур'ёзныя, што гатовыя як дзяржавы сустракацца з кіраўніком дзяржавы. Гэта вар'яты. Калі мы ідзем з імі на сустрэчу і робім выгляд, што дамаўляемся, трэба разумець, што яны пагадненняў выконваць не будуць. Таму я стаўлюся да гэтага скептычна.

Анэксію Крыму мы праглынулі, хоць і заяўляем, што гэтага не прызнаем. Але факт застаецца фактам. Расея сцвярджае, што там дзейнічаюць расейскія законы, расейская ўлада і ўсе там расейскае. У Стаўраполлі створаная рада Данбасу. Што гэта за рада? Чаму яна створаная? Што, Данбас - расейская тэрыторыя? Калі яны стварылі сваю раду, відавочна, на нешта разлічваюць. Што гэта за рада, мы не ведаем. Украіна павінна з ім мець стасункі? Тады мы відавочна зробім яшчэ адзін крок, згаджаючыся, што частка Данбаса ўжо адышла.

Мы павінны быць асцярожнымі. Я не хачу крытыкаваць нашу ўладу, ведаючы, як ёй няпроста, але думаю, што ў нас не ўсё адпрацавана як след. Далёка не ўсе адпрацавана належным чынам і ўнутры краіны, і з Еўропай, і з ЗША, і з Расеяй.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках