Дыялог начальніка калоніі з зэкамі
152- Наталля Радзіна
- 30.01.2015, 9:24
- 205,579
У варунках нізкага кошту нафты.
Больш за 7 гадзін доўжылася прэс-канферэнцыя Лукашэнкі 29 студзеня. Прапаганда ахрысціла гэта панылае мерапрыемства «жывым дыялогам», хоць прайшло яно ў звычайным рэжыме. У парадку вынятку некалькім удзельнікам шоў дазволілі гаварыць больш як зазвычай, але ў выніку замест канкрэтных жорсткіх пытанняў мы пачулі доўгія прамовы пра ўсё што хочаш, толькі не пра набалелае.
Пра палітвязняў Лукашэнку спытаў толькі журналіст «Радыё Свабода» Валер Каліноўскі, аб выкрадзеных і забітых апазіцыянерах не ўзгадалі, пра фальсіфікацыю выбараў не рэкнулі, пра блакаванне незалежных сайтаў прамаўчалі.
І гэта не папрок на адрас калегаў. Прэс-канферэнцыя Лукашэнкі яскрава прадэманстравала, наколькі высокі ўзровень страху ў грамадстве.
«Жывы дыялог» нагадаў размову начальніка калоніі з вязнямі:
- Скаргі ёсць?
- Не-не, грамадзянін начальнік!
Я добра памятаю, як раз на месяц да мяне ў камеру ў турме КДБ прыходзіў пракурор і, стоячы на парозе, пытаўся, ці ёсць скаргі. Калі я паскардзілася на адсутнасць лістоў з волі, усёй камеры забаранілі класціся ўдзень на нары. Увесь дзень да адбою мы стаялі ці сядзелі, пакутуючы ад боляў у спіне.
Так і тут: усякая скарга разглядалася б як дыверсія, пакаранне за якую было б неадкладнае.
Лукашэнка ж адчуваў сябе больш чым выгодна цягам усяго 7-гадзіннага марафону. Не стаміўся і нават не асіп. Адразу прыгадаўся артыкул з «Daily Mail», у якім сцвярджалася, што Гітлер для падтрымання формы некалькі разоў на дзень прымаў ін'екцыі первітына - наркатычнага сродку, сёння больш вядомага як метамфетамін.
Як бы там ні было - шоў было разлічанае больш на Захад, чым на ўнутраны рынак. Толькі Астапа як заўсёды, калі ён адрываецца ад паперкі, панесла. І мы пачулі, што:
- Крым - не ўкраінская зямля;
- Украіна сама вінаватая ў страце сваіх тэрыторый праз нацыяналістычную палітыку;
- Ва «Усходняе партнёрства» ён не імкнецца;
- Захад яго «нахіліць» не здолее;
- Рэформаў у Беларусі не будзе;
- У 40-адсоткавай дэвальвацыі вінаватыя самі беларусы, што пабеглі ў абменнікі;
- Расея - галоўны палітычны і вайсковы хаўруснік;
- Палітвязняў вызваляць ён не мерыцца.
Вось такі сціплы вынік 7 гадзіннага балбатні. Усё астатняе – лухта, дэмагогія і слоўнае шалупінне. Грамадзянін забыўся толькі на адно: экспэрты прадказваюць, што нізкі кошт нафты пратрымаецца некалькі гадоў. А як вядома, маленькая дыктатура трымаецца толькі датуль, пакуль мае грошы дыктатура вялікая.
Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка charter97.org